Мабільная версія сайта
ПУБЛІКАЦЫІ
«ПЕСНЯ МУЖЫКА», АБО АПОВЯД ПРА ЛЁС I ТРАГЕДЫЮ
ПАЭТА-ПАЧАТКОЎЦА I ЯГО ТВОРАЎ

У лютым 1937 г. вучань сёмага класа з вёскi Анонiчы Крычаўскага раёна Ягор Калбееў паслаў у газету «Звязда» свой верш «Песня мужыка». Наiўны юнак спадзяваўся не толькi на прызнанне яго несумненнага таленту, але i на тое, што змест верша прымусiць задумацца «галоўнага ўлады». У лiсце, дададзеным да «Песнi», Ягор пiша, што верш гэты створаны «сынам мужыка-калгаснiка, якi пад гнётам меснай улады гiне з голаду. У калгасах беларускай рэспублiкi ад засухi атрымаўся бальшы недарод. А ў рэзультаце з гэтым калгаснiкi гiнуць голадам. Калгасы ад недахопу рабочай сiлы знаходзяцца ў паўразваленым вiдзе. Калгаснiкi стараюцца ўцячы на заводы для таго, каб не пагiнуць з голаду. Яны ждуць вайны, ждуць, цi не распусцяць калгасаў. Яны хочуць атрымаць свае землi. Ну, цёмныя народныя масы не могуць выразiць сваiх патрабаванняў. I вось выразiцелем народнай мары з’яўляюся я»

5 сакавiка таго ж 1937 г. рэдакцыя газеты пераслала верш у ЦК КП(б)Б на iмя сакратара т. Валковiча «для сведения». У фондзе ЦК КП(б)Б Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь i была знойдзена машынапiсная копiя гэтага верша.

Песня мужыка
 

Я мужык трудавiк
знашу лаянкi крык
на зямельцы я ўзрос
я к зямельцы прывык. 
 

А цяпер у мяне
адабралi зямлю
у калгас аддалi
а я з голаду мру.
 

Восiм дзетак маiх
пухнуць з голаду у прах
жонка тожа ляжыць
мазалi на руках.
 

А папросiш бульбiн
цi працягнеш руку
кажуць час ужо здыхаць
жабраку мужыку.
 

Я ўсё лета араў
малацiў i касiў
людзям сена наклаў
а сабе нi прасi.
 

Я ўсё збожжа сабраў
i ў гуменца ўсё звёз
змалацiў абсушыў
i дзяржаве завёз.
 

А хто есць i каму
я не знаю, завёз
толькi знаю што сам
вазьму фiгу пад нос.
 

Эх мужык ты жабрак
шмат ты гора пражыў
i памрэш ты не ў знак
бы на свеце не жыў.
 

Ты будуеш масты
i лясы ты сячэш
сабе печ пратапiць
стару лаву сячэш.
 

……………….
 

Ты паедзеш у лес
вецер песнi пяець
i ў песнях глуха
мужыка ён клянець.
 

Выйду ў поля, стаю
збожжа жалка шумiць
пагляджу на жыццё
галава забалiць.
 

Ты ў хаце сваёй
безваконнай жывеш
у песнi сумнай сваёй
сваю долю клянеш.
 

Вось надыйдзе вясна
трэба ехаць араць
няма хлеба зярна
У рот нечага ўзяць.
 

Дык дакуль ты мужык
гэтак будзеш стагнаць
ужо прышла брат пара
на ўрагоў нападаць.
 

Вазьму востру касу
i сякеру сваю
з песняй грань на ўрагоў
адплацi за зямлю.
 

Ты ўмееш урагам
добра плату плацiць
столька будзе крывi
што вувкам не папiць.
 

А цяпер я свой верш
Я канчаю пiсаць
але ўсё ж мужыкоў
я прашу паўставаць.
 
Мужыкi мараць аб роднай зямельцы. Яны хочуць узяць зямлю i развiваць сваё хазяйства i заяўляюць:

Дайце конiка мне
i зямельку маю
на сваёй на зямле
шмат чаго я зраблю.
 
Мужык рвецца ў бой, ён гатоў бiць врагоў — пад урагамi разумее мужык бальшавiкоў, ну мужыкамi некаму кiраваць у барацьбе, мужык адсталы ён адцягнут ад рабочай масы i ён выражаiць сваё трэбаванне

Эх, каб сiлу я меў
Увесь свет-бы абняў
Я врага б раздавiў
I зямельку ўзяў.
 
У мужыка няма каровы, няма каня, зямлi, а падаткi трэба плацiць:

Няма конiка-кароўкi
няма роднае зямлi
прайшло лета, прышла восень
а падаткi ўжо нясi.
 
Мужык цёмны, безкультурны, жыве ў безваконнай хаце, дзе холад, голад, хвароба, ён шмат працуе, а жывець галодны i зварочваецца да Сталiна:

Ты жывеш як-бы на небе
i не думаеш аб хлебе
а ў мужыка да куска хлеба
ёсць вялiкая патрэба.
 
Мужык скардзiцца на сваю смерць, на свой лёс, што ён цёмны нiхто не знае што мужык жыве на свеце

Эх мужык я жабрак
шмат чаго я рабiў
i памру як чарвяк
бы на свеце няжыў.
 
На мужыка звернута малое внiманiе як на галоўнага кармiцеля рабочых i служачых.

Мужык гiне з голаду, але галоўны власцi не зварочвае на гэта ўвагi i ён заяўляе:

Мужык з голаду гнецца ў крук
Вы як на гэта глядзiце?
Вы падсекаеце той сук
На якiм самi сядзiце.
 
Сялянства с сожаленiем адносiцца да пагiбшых змагароў за народную справу, г.н. Зiноўеву, Каменеву i iнш. i адзываюцца на iх смерць

Годзе вам браццы змагацца
Мала вас з намi жывець
Час ужо з намi расстацца
Сталiн усiх вас паб’ець.
 
37 год гэта год смерцi мужыкоў, у гэтым годзе палова сялян пагiне з голаду. У гэтым вершы «Песня мужыка» я хачу паказаць цяжкае, паднявольнае становiшча мужыка, не толькi паказваю ужаснае становiшча, ну i прызываю да вызвалення шляхам барацьбы», — заканчвае аўтар.

Пад пiсьмом подпiс: «Напiсаў Ягор Калбееў, ну прашу замянiць Ягор Бяздольны».

Дакладнае iмя i поўны паштовы адрас былi скарыстаны даволi хутка. Ягор Калбееў быў выклiканы ў Мiнск i адразу ж арыштаваны.

Логiка была наступная: як магло так здарыцца, што выхаванец савецкай школы ўзвёў паклёп на лепшую ў свеце краiну, дзяржаву рабочых i сялян? Напэўна, нешта i нехта за гэтым стаiць… За «аднадумцамi» Ягора, г. зн. «ворагамi народа», хадзiць далёка не давялося. Iмi «аказалiся» родны бацька юнака Яўхiм Калiнавiч Калбееў i два суседы Калбеевых — Тапанаў Тарас Максiмавiч i Тапанаў Нестар Максiмавiч. Пачалася хуткая фальсiфiкацыя справы, якая знешне павiнна была нагадваць вядзенне следства…

Спачатку арыштаваныя не прызнавалi сваёй вiны, затым, амаль праз год, на наступных допытах прызналi. Аднак у судзе абвiнавачваемыя нечакана для следчых органаў адмовiлiся амаль ад усiх сваiх паказанняў. Зноў пайшлi допыты, перадопыты: i сведкаў, i абвiнавачваемых.

З паказанняў Ягора Калбеева 18 лiпеня 1937 г.: «Я чытаў iм вершы беларускiх пiсьменнiкаў Я. Купалы i Я. Коласа. У гэтых вершах было сказана аб мiнулым цяжкiм сялянскiм жыццi. У час майго чытання Тапанаў Нестар сказаў: «Гэта не аб мiнулым, а сучасным жыццi сялян». Яго ж падтрымалi Тапанаў Тарас i Балдзесаў Сава: «Раней было лепш жыць, гэта яны, пiсьменнiкi, пiшуць пра сучаснае наша жыццё»…

…Сабралiся мужыкi-калгаснiкi па-суседску вечарам, пагаварылi аб жыццi-быццi, вершы паслухалi… А пасля iм ужо «доблесныя» органы патлумачылi, чым яны там займалiся. Набор абвiнавачанняў аказаўся тыповым: антысавецкiя размовы, усхваленне фашысцкага ладу, выказванне спачування аб расстраляных трацкiстах-тэрарыстах, тэрарыстычныя настроi ў адносiнах да кiраўнiкоў Савецкага ўрада, антысавецкая агiтацыя i г.д. У вынiку — антысавецкая арганiзацыя.

Юнак жыў у сялянскай сям’i i, як ён паказаў падчас следства, «меў жаданне вучыцца ў лiтаратурным тэхнiкуме». Чытаў Я. Купалу, Я. Коласа, М. Чарота, П. Броўку… У абвiнаваўчым заключэннi гэта характарызавалася так: «Пры вобыску ў Калбеева Я.К. i Калбеева Я.Я. выяўлена контррэвалюцыйная нацдэмаўская лiтаратура, з якой ён рабiў паметкi i выпiскi для складання контррэвалюцыйных i тэрарыстычных вершаў». Неабходна заўважыць, што М. Чарот на той час быў ужо «выяўлены» як член «контррэвалюцыйнай арганiзацыi беларускiх нацдэмаў» i арыштаваны органамi НКУС. Няпроста складвалiся абставiны i вакол класiкаў беларускай лiтаратуры Я. Купалы i Я. Коласа, а таксама П. Броўкi. Бiблiятэкi i кнiгарнi праводзiлi чыстку за чысткай ад усёй «шкоднай лiтаратуры» ў адпаведнасцi з усё новымi i новымi спiсамi, якiя спускалiся зверху адзiн за адным.

Арыштаваны Ягор быў 31 сакавiка 1937 г. у Мiнску. Сядзеў у Магiлёве. Суд над «антысавецкай арганiзацыяй» Калбеевых-Тапанавых адбываўся ў Крычаве. Справа слухалася ў закрытым судовым пасяджэннi без удзелу бакоў.

Асуджаныя былi прызнаны вiнаватымi ў тым, што яны, «будучы варожа настроены да iснуючага савецкага ладу ў 1935—1937 гадах сярод калгаснiкаў праводзiлi антысавецкую агiтацыю, усхвалялi жыццё ў старой царскай Расii i ў фашысцкай Германii, узводзiлi паклёп на савецкую рэчаiснасць i калгасны лад. Асуджаны Калбееў Ягор, якi знаходзiўся пад уплывам антысавецкiх размоў iншых асуджаных, напiсаў лiст i верш антысавецкага зместу i паслаў у рэдакцыю газеты «Звязда».

Падчас «следства» органам НКУС удалося выявiць яшчэ 3 вершы Ягора, напiсаныя iм у 1936 г. на кавалку паперы са школьнага сшытка. Гэта — «Зiма», «Насустрач сонцу», «Восень». Як i ў папярэднiм вершы, у iх выразна прасочваюцца ўплывы класiкаў беларускай лiтаратуры. Аднак у адрозненне ад «Песнi мужыка» ў гэтых трох няма i ценю палiтыкi альбо таго, што на мове таго часу называлася антысаветчынай.

Прысудам спецыяльнай калегii Магiлёўскага абласнога суда ад 17 чэрвеня 1938 года калгаснiкi в. Анонiчы Калбееў Яўхiм Калiнавiч (1895 г. н.), Тапанаў Нестар Максiмавiч (1888 г. н.), Тапанаў Тарас Максiмавiч (1901 г.н.) былi асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волi з паражэннем у правах тэрмiнам на пяць гадоў кожны; Ягор Яўхiмавiч Калбееў (1919 г.н.), вучань 7-га класа, — да 5 гадоў пазбаўлення волi, з паражэннем у правах на 3 гады.

Адзiн верш — i 35 гадоў лагераў!

Як пазначана ў абвiнаваўчым заключэннi, Яўхiм Калбееў меў на ўтрыманнi жонку i чацвёра дзяцей, Тапанаў Нестар — жонку i чацвёра дзяцей, Тапанаў Тарас — жонку i трое дзяцей. Тры сям’i засталiся без гаспадароў! Адзiнаццаць дзяцей адразу засталiся без бацькоў! Тапанаў Нестар i Калбееў Яўхiм больш нiколi не пабачацца з iмi. Уся сям’я Яўхiма Калбеева загiне падчас вайны, прычым сын Мiкалай — на фронце; нiколi нiчога больш не даведаюцца ў вёсцы аб лёсе Нестара Тапанава. Не вернецца больш на Беларусь i Ягор…

19 сакавiка 1939 г. у Вярхоўны суд паступiла скарга ад Калбеева Яўхiма, у якой ён спасылаўся на недаказанасць iнкрымiнуемай яму справы. У якасцi аргумента ён прыводзiць i тое, што ў 1936 г. ён i сын не жылi разам: Ягор жыў у iнтэрнаце пры школе за сем кiламетраў ад бацькоўскага дома, а сам Яўхiм працаваў старшынёй калгаса ў суседнiм сельсавеце, дома бываў рэдка; аб тым, што сын пiсаў вершы, даведаўся толькi падчас следства ў 1938 г. Паказаннi сведак, на погляд Яўхiма Калiнавiча, не што iншае, як помста яму, члену сельсавета, з боку аднаасобнiкаў-кулакоў за правядзенне iм у свой час калектывiзацыi i раскулачвання.

Аднак Вярхоўны суд падстаў для перагляду справы не знайшоў.

Яўхiм Калбееў вярнуўся ў Анонiчы ў 1947 г. Хадайнiчаць зноў аб пераглядзе справы пачаў ужо падчас «адлiгi», у другой палове 1950-х гадоў. У сваiх лiстах у 1959 г. на iмя пракурора ён пiсаў, што не мае за што i дзе жыць: «Я iнвалiд iмперыялiстычнай вайны, але даказаць мне ў сучасны час няма чым, таму што ўсе мае дакументы падчас арышту iз’яты». «Мне старому прыходзiцца жыць на чужых кватэрах i таму я вас прашу: не адмоўце ў маёй просьбе, а вышлiце мне даведку аб рэабiлiтацыi, што незаконна быў судзiмы ў 1937 г.»…

Пачаўся перагляд справы. Зноў быў выклiканы на допыт Я.К. Калбееў. Ён паказаў: «Нiколi контррэвалюцыйнай працай я не займаўся i яе не праводзiў. У маiм доме людзi збiралiся на сходы калгаснiкаў, але нiякай контррэвалюцыйнай работай не займалiся. Я ў той час працаваў старшынёй калгаса i контррэвалюцыйную працу праводзiць не мог. Да таго ж следавацель, якi дапрашваў мяне ў той час, пратакол дапроса мне не зачытваў, а сказаў мне падпiсацца i я падпiсаў яго…».

22 сакавiка 1959 г. Калегiя па крымiнальных справах Вярхоўнага суда БССР разгледзела ў адкрытым пасяджэннi пратэст намеснiка пракурора БССР на прыгавор спецыяльнай калегii Магiлёўскага абласнога суда ад 17 чэрвеня 1938 г. i знайшла, што: «Абвiнавачванне асуджаных заснавана на iх прызнацельных паказаннях на папярэднiм следстве, ад якiх яны затым адмовiлiся, i на неканкрэтных i супярэчлiвых паказаннях сведкаў (…)». Зноў дапрошаныя сведкi паказалi, што яны добра ведалi асуджаных, але антысавецкiх выказванняў ад iх не чулi. Абвiнавачванне, што Ягор Калбееў напiсаў верш антысавецкага зместу пад уплывам iншых асуджаных, заснавана толькi на супярэчлiвых паказаннях самога Калбеева. Арыгiналаў напiсаных вершаў у справе не маецца, а дададзеныя да справы копii перакладу гэтых вершаў на рускую мову нiкiм не завераны. Пры гэтых абставiнах дастатковых падстаў для прызнання асуджаных вiнаватымi ў антысавецкай дзейнасцi ў справе не маецца. На падставе выкладзенага камiсiя па крымiнальных справах Вярхоўнага Суда БССР вызначыла: «Прыгавор спецкалегii Магiлёўскага абласнога суда ад 17 чэрвеня 1938 г. у адносiнах да Калбеева Яўхiма Калiнавiча, Тапанава Нестара Максiмавiча, Тапанава Тараса Максiмавiча i Калбеева Ягора Яўхiмавiча адмянiць i справу спынiць…».

У 1939 г. Яўхiм быў высланы ў Карэлiю, працаваў у 2-м аддзяленнi Саракалага НКУС, жыў на станцыi Кузема Кiраўскай чыгункi. Ягор Калбееў адбываў свой тэрмiн ва Усольлагу, з якога пасля адбыцця тэрмiну 3 мая 1942 г. быў накiраваны ў РВК Молатаўскай вобласцi. Пасля жыў у Пермскай вобласцi. Да перагляду справы i рэабiлiтацыi Ягор Яўхiмавiч не дажыў усяго год. Не дажыў ён i да свайго 40-годдзя. Памёр ён у сакавiку 1958 г., аб чым стала вядома з лiста, якi даслала яго жонка Яўхiму Калiнавiчу.

Як пiсаў Ягор Калбееў у сваёй «Песнi мужыка»:

Эх, мужык, ты жабрак!

Шмат ты гора пражыў…

I памрэш ты не ў знак:

бы на свеце не жыў.

Iрына РАМАНАВА,

кандыдат гiстарычных навук, старшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН Бsеларусi.

P.S. Выказваю падзяку за дапамогу ў зборы матэрыялаў для артыкула супрацоўнiку архiва КДБ I.А. Валахановiчу.

Крыніца: Газета “Звязда”, № 186 (25518), 24 верасня 2005 г.