Мабільная версія сайта

У Мінску ёсць восемь месцаў, дзе хавалі ахвяраў растрэлаў НКУС


30 кастрычніка 2014

«Мяне запрашалі ў КДБ, казалі: “Гэта не трэба вывучаць, нашыя людзі не павінны гэта ведаць”. А для мяне, як навукоўца, гэта – грамадзянская пазіцыя. Падзеі мелі месца, і вывучаць гэтыя падзеі, казаць пра іх трэба, незалежна ад таго, ці ёсць у архіве КДБ дакумент з пячаткай пра тое, што ў такім-та месцы кагосці растралялі”. Ігар Мікалаевіч Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук, які абараніў дысертацыю “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у 30-я годы. Рэабілітацыя ахвяраў тэрору”, распавядае, чаму Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе дагэтуль не апублікаваныя спісы рэпрэсаваных з 1917 па 1953 год.

Сёння, 29 кастрычніка – Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Безумоўна, дзень неафіцыйны. Нягледзячы на гэта, з году на год ён сімбалічна адзначаецца, праходзіць брыфінг, аб’езд месцаў пахаванняў ахвяраў рэпрэсій у Мінску: Кальварыя, Лошыца, Трасцянец, Парк Чалюскінцаў і Курапаты. У Курапатах чытаецца спіс на 5772 прозвішчы – растраляных у Мінску з афіцыйнай базы рэабілітацыі.

Дакладных лічбаў адносна рэпрэсій 1917-1953 гадоў у нас няма. Як правіла, у гісторыка ёсць ацэначная лічба, гіпотэза, і ёсць афіцыйная статыстыка, з якой гіпотэза часцей за ўсё не супадае. Спроба сабраць афіцыйную статыстыку па Беларусі была ажыццеўлена пасля загаду Гарбачова 89-га году, калі “тройкі”, “двойкі” і асобыя нарады былі прызнаныя незаконнымі органамі, а іх рашэнні без юрыдычнай моцы. Пачаўся працэс так званай трэцяй хвалі рэабілітацыі: усе асуджаныя пазасудовымі органамі, у тым ліку па “знакамітаму” артыкулу 67 УК БССР “Антысавецкая агітацыя і прапаганда”, былі прызнаныя прыцягнутымі да адказнасці без нагоды. Не падлягалі рэабілітацыі толькі асобя, якія супрацоўнічалі з фашысцкімі захопнікамі ў перыяд акупацыі альбо мелі дачыненне да рэпрэсій, працавалі ў карных органах.

Па дадзеных, якія паступалі з КДБ, Вярхоўнага суду, Ваеннага трыбуналу ў Камітэце па архівах і справавытворчасці пачала стварацца база. Па прыкладным падлікам, у Беларусі рэабілітавана каля 150-160 тысяч чалавек. Гэта не лічба рэальных рэпрэсій, гэта толькі колькасць асоб, на якіх маюцца архіўна-следчыя справы, а справы ёсць далёка не на ўсіх. Вось самы просты прыклад: падчас следства ў Курапатах выявілі рэчавы доказ – партманэ, у якім адшукалася квітанцыя з Гарадзенскай турмы аб канфіскацыі пры арышце невялікі сумы грошай. Там значыліся імёны і прозвішчы: Мойша Крамер і Мардэхай Шулескес. Следчы Ваеннай пракуратуры зрабіў запыт у КДБ, і адтуль адказалі: «Спраў на гэтых асоб не маем». Адшукаліся ўсяго два прозвішчы – і то на іх няма спраў! Таму 150-160 тысяч – лічба мінімальная.

 

Чаму гісторыкам закрываюць доступ да архіву КДБ

Спецыяльны аддзел Камітэта па архівах і справаводству, які ўзначальваў Уладзімір Адамушка, у пачатку 90-х зводзіў ўсе гэтыя звесткі, і ўпершыню была названая прыкладная лічба: у Беларусі па афіцыйных дадзеных у перыяд з 1917 па 1953 было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек. З іх 250 тысяч асуджаныя па лініі судовых і пазасудовых органаў, астатнія – у адміністрацыйным парадку, гэта значыць былі адпраўленыя ў ссылку або высылку. Мы ўмоўна прымаем гэтую лічбу за афіцыйную, паколькі яна была агучана афіцыйным чыноўнікам, і ніякія інстанцыі гэтай інфармацыі не запярэчылі. Гэты лік, які быў апублікаваны ў 1993 годзе, да гэтага часу не карэктаваўся, хоць даследаванні архіваў працягваліся. Беларусь – адзіная краіна з усіх былых саюзных рэспублік, у якой не агучана афіцыйная лічба нават тых рэпрэсій, дадзеныя па якіх маюцца ў КДБ. Доступ да архіва КДБ у 90-е мелі каля 8-9 гісторыкаў. Што значыць доступ у архіў КДБ? Перад тым, як гісторыка дапусьцяць да архіву, ён павінен паставіць канкрэтнае пытанне, напрыклад: «Хачу азнаёміцца ​​з архіўна-следчай справай гэтага чалавека». КДБ спачатку праглядае, ці ёсць у архіве патрэбная справа і ці можна яе выдаваць. Калі дакумент знойдзены, яго прыносяць у адпаведны кабінет, і даследчык можа пагартаць яго ў прысутнасці супрацоўнікаў КДБ. Гісторык адкрывае гэтую справу, пачынае гартаць – а на цэлым шэрагу старонак надзетыя капэрты.

Гэта інфармацыя, якую ён «не павінен» чытаць: агентурныя звесткі, даносы і гэтак далей. Застаецца мінімум дадзеных: нарадзіўся там, арыштаваны быў тады, рэпрэсаваны тады.

Сёння доступ да архіву КДБ зачынены нават у такой форме. У адказ на запыт КДБ можа даць хіба што кароценькую даведачку, у выключных выпадках – абраны матэрыял з нейкай справы. Мала таго, пры публікацыі нават гэтай абмежаванай інфармацыі даследчык павінен прадставіць матэрыял для візавання, то бок прайсці цэнзуру. Усе матэрыялы, звязаныя з былымі супрацоўнікамі НКУС, датычнымі да допытаў, следства, расстрэлаў, выключаны з карыстання. Усе дырэктыўныя дакументы, на падставе якіх ажыццяўляліся рэпрэсіі, да гэтага часу цалкам засакрэчаныя. Так што ніякай аб’ектыўнай ацэнкі, нават па тых дакументах, якія маюцца ў КДБ, даць немагчыма.

Узнікае даволі парадаксальная сітуацыя: мы вымушаныя карыстацца ўскоснымі крыніцамі інфармацыі, паказаннямі сведак – тым, што зараз модна называць «вуснай гісторыяй». А «вусная гісторыя» не прызнаецца ніякімі дзяржаўнымі структурамі: «Гэта ўсё нехта выдумаў, што расстрэльвалі ў Трасцянцы і ў Курапатах, дзе ў вас дакументы?». Але ж злачынцы імкнуцца пасля сябе дакументы не пакідаць.

Па маіх падліках, у савецкі час было пяць буйнамаштабных чыстак справаводства. Прыйшоў да ўлады Хрушчоў – вычышчалі ўсё, што звязана з яго асяроддзем і яго дачыненне да рэпрэсій. Прыходзіў чарговы – зноў пачыналася чыстка. Атрымалася, што ў выніку гэтых буйнамаштабных чыстак, зыходзячы з заяваў КДБ, у нас няма ні карт, ні звестак па месцах расстрэлаў, ні пайменна спісаў, хто і дзе расстраляны. Фактычна ў нас адсутнічае ўся інфармацыя па факце здзяйснення гэтых злачынстваў.

Цалкам магчыма, што ў выніку гэтых пяці чыстак дакументы сапраўды маглі не ацалець, але можа быць і так, што заявы КДБ галаслоўныя. Характэрны прыклад – праблема беларускага «катынскага спісу», беларускай часткі спісу расстраляных польскіх грамадзян у СССР. І КДБ, і той жа Адамушка, які цяпер узначальвае Дэпартамент па архівах і справаводству, заяўляюць, што беларускага «катынскага спісу» няма і быць не можа. Расія і Украіна апублікавалі свае спісы, а мы, як заўсёды, выключэнне. Але ж справаводства ва ўсіх савецкіх рэспубліках ў той час было аднолькавым, па ўказаннях з Масквы. Знаходзіцца гэты спіс у нашых архівах, у ФСБ Расіі ці быў знішчаны – гэта іншае пытанне, але што ён існаваў – гэта адназначна.

 

Колькі чалавек было падвергнута рэпрэсіям у БССР

Сёння любы даследчык мае права даказваць свае гіпотэзы, заснаваныя на любой інфармацыі, супастаўляць, аналізаваць факты,  называць лікі. Па маіх падліках, у Беларусі было падвергнута рэпрэсіям у агульнай колькасці 1 мільён 400 тысяч – 1 мільён 500 тысяч чалавек – як у судова-пазасудовым, так і адміністратыўным парадку.

Тая ж кніга Адамушкі паведамляе, што за гады рэпрэсій у Беларусі было растраляна не больш за 35 тысяч чалавек. Лічба больш чым сумнеўная, так як толькі ў адных Курапатах 500 магільных упадзін, а следства паказала, што там змяшчаецца прах ня менш чым 30 тысяч чалавек. Зноў жа, гэта мінімальная лічба. Нехта кажа пра 100 тысяч, нехта і пра 250 тысяч – дыяпазон вельмі шырокі. Так што ж атрымліваецца, што ўсе растраляныя ў Беларусі ляжаць у Курапатах? Але ж толькі ў адным Мінску, акрамя Курапат, не менш за восемь месцаў пахаванняў ахвяраў растрэлаў – і  гэта тыя, якія чыста тэарэтычна ўстаноўлены. Толькі тэарэтычна, але не дакументальна, бо дакументальна нават Курапаты не пацверджаны. КДБ не выдаў ніводнага дакумента, ніводнай карты, нічога.

Мапа месцаў расстрэлаў у Беларусі

А вось карта пахаванняў па Беларусі. 48 насельных пункты, больш за 100 месцаў масавых растрэлаў. Зноў узнікае пытанне: так як з 30 тысячамі быць? Рэальная лічба ў разы большая. Я лічыў па ўсіх магчымых крыніцах, якія можна было адшукаць, і ў мяне колькасць не супадае прыкладна ў дзевяць разоў. Нарком НКУС Малчанаў на допыце сказаў, і гэта зафіксавана дакументальна: “Мой папярэднік Барыс Берман, які ўзначальваў НКУС Беларусі ў 1937 – пачатку 1938 году, растраляў 80 тысяч чалавек”. Так гэта ж толькі 37-38-ы годы, і толькі па Мінску, а не па Беларусі! Адкуль браліся 30 тысяч – незразумела.

Нават калі мы будзем прытрымлівацца мінімума, то 35 тысяч – гэта велізарная лічба. А ўлічваючы, што 95% гэтых людзей забітыя без віны, колькасць не мае значэння. І, на жаль, з боку ўладных структур за апошнія 20 гадоў не зроблена нічога, што магло хаця б крыху праясніць сітуацыю альбо даць магчымасць займацца тэматыкай тым, хто гатовы гэта рабіць.

Колькі разоў я прапаноўваў паслугі! Я гатовы займацца гэтым на грамадскіх пачатках, не трэба ніякага фінансавання. Тым больш, я адзіны дыпламаваны даследчык у Беларусі: у 1992 годзе ў Томску я абараніў дысертацыю “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у 30-я годы. Рэабілітацыя ахвяраў тэрору”. За 20 гадоў у Беларусі ніводнай дысертацыі на гэтую тэму не абаронена. Ні ў адной дысертацыі няма нават раздзелу на такую тэматыку. Але не, усе мае прапановы былі адкінутыя. Мала таго, мяне яшчэ запрашалі ў КДБ, пыталі: “А чаму вы кажаце, што столькі месцаў пахаванняў?..” А я адказваю: “Вы што, не ведаеце?” Быццам няма дакументаў – але звесткі ніхто не аспрэчвае ўжо 15 гадоў. Замест таго, каб аказаць дапамогу, табе яшчэ і бар’еры ствараюць, кажуць: “Гэта не трэба вывучаць, не трэба казаць, нашыя людзі не павінны гэта ведаць”. А для мяне як навукоўца гэта грамадзянская пазіцыя. Няхай дакументальна нічога не пацверджана, але ў той жа час падзеі мелі месца, і вывучаць гэтыя падзеі, казаць пра іх трэба, незалежна ад таго, ці ёсць у архіве КДБ дакумент з пячаткай пра тое, што ў такім-та месцы кагосці расстралялі.

У Германіі выйшла кніка “Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі”, я таксама прымаў удзел у яе стварэнні. У кнізе апісаныя ўсе месцы ў краіне, дзе ўсталяваныя хоць нейкія памятныя знакі, ёсць фотаздымкі. У Мінску знакі памяці ахвярам растрэлаў усталяваныя ў Курапатах, у Лошыцы і ў Парку Чалюскінцаў. Быў у Трасцянцы, але яго дэмантавалі. На Кальварыі ніякіх знакаў няма, у Ціволях, Масюкоўшчыне, Драздах таксама няма, але і ўсе месцы на карце – арыентыровачныя, больш-менш ясную карціну мы маем толькі па Курапатах, паколькі там праводзілася эксгумацыя.

 

 Да вайны расстрэльвалі НКУС, а ў перыяд акупацыі – расстрэльвалі нацысты

Другое па маштабах пахаванняў пасля Курапатаў – урочышча Благаўшчына ў Трасцянцы. Там, дзе насыпана гарадская звалка, – гэта, напэўна, своеасаблівы помнік ад улады перадваенным расстрэлам. Там жа, у Благаўшчыне, літаральна ў 50 метрах ад гэтай звалкі, знаходзяцца трыццаць чатыры рова-магілы, на якіх праводзіліся расстрэлы ў перыяд нацысцкай акупацыі. Гэта характэрная рыса, існуе цэлы шэраг сумесных пахаванняў: да вайны расстрэльвалі НКУС, а ў перыяд акупацыі – расстрэльвалі нацысты.

Гэта тычыцца і Парку Чалюскінцаў, і ўрочышча Благаўшчына ў раёне вёсак Малы і Вялікі Трасцянец, былога лагера смерці Трасцянец, і Масюкоўшчыны, дзе падчас вайны быў лагер ваеннапалонных, у якім загінула больш за 80 тысяч людзей. Гэта тычыцца і Драздоў, там у ліпені-жніўні 1941 быў першы канцэнтрацыйны лагер. Пахаванні ў гэтых месцах знаходзяцца побач, ці адны пахаванні нават перакрываюць іншыя.

Мапа месцаў расстрэлаў у Мінску

Па Благаўшчыне зараз паўстала вялікая праблема. 8 чэрвеня была праведзена закладка капсулы, прычым на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, пачалося будаўніцтва новага мемарыяла ва ўрочышчы Благаўшчына ў памяць пра лагер смерці “Трасцянец”. У Благаўшчыну падчас Другой сусветнай з краін Заходняй Еўропы было дэпартавана больш за 30 тысяч габрэяў. Там знішчаныя і габрэі мінскага гета, і дэпартаваныя габрэі, і партызаны, падпольшчыкі, ваеннапалонныя, жыхары горада – гэта пахаванне, у якім знаходзяцца ўсе.

Немцы, каб пакаяцца за здзейсненае папярэднікамі, вырашылі сабраць грошы для стварэння мемарыяла – сабралі, па апошніх звестках, ужо амаль мільён еўра. Але мемарыял чамусьці павінен знаходзіцца на тым самым месцы, дзе здзяйсняліся перадваенныя савецкія расстрэлы. Паўстала пытанне, як быць – але ў нас пытанне заўсёды вырашаецца проста. «Ніякіх іншых расстрэлаў там не было», – заяўляе КДБ.

Ёсць сведчанні, па якіх у гэтым жа раёне было расстраляна парадку 1,5-2 тысячы вязняў мінскіх турмаў, якіх «эвакуіравалі» перад прыходам немцаў у Мінск, у ноч з 23 на 24 чэрвеня. Але дакументаў няма, а няма дакументаў – няма пытанняў. Замест таго, каб увекавечыць памяць і ахвяр сталінізму, і ахвяр нацызму, ўлічыць гэта хаця б пры кампазіцыі праекта, атрымліваем ад КДБ фармулёўку «не маем звестак пра расстрэлы савецкіх грамадзян». Вядома, у Благаўшчыне не хочуць рабіць мемарыял ахвярам рэпрэсіяў, таму што гэта прыцягне ўвагу грамадскасці, пачнуць задаваць пытанні. Таму цяпер помнік, які будзе называцца «Брама Памяці», мяркуецца адкрыць у траўні наступнага года да 70-годдзя перамогі.

 

Эксгумацыі цяпер таксама немагчымыя

У 2010 годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, на прэс-канферэнцыі журналіст польскага радыё задаў пытанне, як ідуць справы з беларускім «катынскім спісам”, на што кіраўнік дзяржавы адказаў: «Я дам даручэнне старшыні КДБ, мы гэтае пытанне вывучым». Праходзіць год, на чарговай прэс-канферэнцыі задаюць тое ж пытанне, і прэзідэнт кажа: «Мы гэтае пытанне вывучылі. У Беларусі ў гады рэпрэсіяў не быў забіты ніводны паляк, лагераў не было, усіх адпраўлялі транзітам кудысьці ў Расію, ва Украіну. Мы чыстая рэспубліка». Пры тым, што паводле афіцыйнай базы 25% расстраляных у Мінску – палякі па дакументах! На трэцяй прэс-канферэнцыі польскі бок прапанаваў прафінансаваць удзел у правядзенні эксгумацыі ў тых жа Курапатах. На што быў адказ: «Давайце грошы, мы самі правядзем і вам паведамім. Без удзелу польскага боку». Вось усе адказы на пытанне, як правесці эксгумацыю. Паводле нашага заканадаўства любыя працы, звязаныя з эксгумацыяй, не можа праводзіць ні адна грамадская структура. Фактычна ў нас ёсць толькі адна структура, якая можа праводзіць раскопкі і эксгумацыі – 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны, які падпарадкаваны Кіраўніцтву па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Але гэтаму батальёну не пазначана ў абавязках праводзіць эксгумацыю пахаванняў так званых «ворагаў народа». Батальён праводзіў эксгумацыю ў раёне Трасцянца ў пачатку 2000-х, але як толькі гаворка зайшла пра тое, што ў гэтым раёне ёсць не толькі ахвяры нацыстаў, яны тут жа пакінулі месца.

 

Для ліквідацыі месца перадваенных расстрэлаў у Трасцянцы ў 1956-м насыпалі звалку

Як усталявалі месцы расстрэлаў ва Ўкраіне? Даследнікі вывучылі дакументы з Нацыянальнага архіву па выдзяленню зямельных участкаў у карыстанне НКУС. Тая ж Быкоўня, адно з найбуйнейшых месцаў пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, выяўленая была менавіта па вылучэнню участкаў. Усе месцы пахаванняў так званых «Катынскіх расстрэлаў» – Катынь, Меднае, Харкаў – знаходзяцца ў раёнах дач НКУС. Чаму так? Таму што ў тым раёне і ахова, і менш старонніх. У нас застаецца менавіта гэты шлях усталявання месцаў расстрэлаў. Журналіст Паўль Коль адшукаў у нямецкім архіве карту, дзе раён Трасцянца пазначаны як выдзелены для карыстання НКУС. Я амаль перакананы, хаця дакументальна пацверджанняў гэтаму няма і не будзе, што асноўную частку афіцэраў Польскай арміі ў 1940 годзе расстралялі менавіта ў Благаўшчыне. У 1954 году прымаецца пастанова аб увекавечанні памяці, гэтая тэрыторыя аб’яўляецца мемарыяльнай, а ў 1956 годзе тут раптам арганізоўваецца самая вялікая гарадская звалка. То бок, гэта маскіравалы аб’ект. Ніхто не адказвае на пытанне, як звалка магла быць створана на тэрыторыі лагера смерці, святога для беларускага народа месцы. Ніхто ж не дасць паперу, што ў сувязі з правядзеннем аперацыі па ліквідацыі месцаў перадваенных расстрэлаў было вырашана насыпаць звалку ў тым і гэтым месцы! Рабілася гэта напэўна па вусных загадах.

Тэма сталінскіх рэпрэсій сышла з нашых дзяржаўных СМІ гадоў 15 таму, і з недзяржаўных таксама паціху сыходзіць. Калі я пытаюся, чаму не публікуюць матэрыялы, мне адказваюць: «Тэма ўжо не модная». Гэта пінжак можа быць модным – ды і той павісеў ў шафе, праз 10 гадоў мода вярнулася, ты яго дастанеш і можаш насіць. У перыяд перабудовы і ў пачатку 90-х гадоў мода на гэтую тэматыку сапраўды была, слова «мода» тут можна ўжыць. Быў ўсплёск інфармацыі па гэтай тэме, дзесяткі, сотні публікацый ва ўсіх цэнтральных газетах, у тым ліку «СБ». Чаму цяпер гэтая тэматыка сыходзіць, зразумела: калі чыняцца перашкоды, то застаецца мала жадаючых нешта рабіць.

Крыніцаkyky.org

КАМЕНТАРЫ