Мабільная версія сайта

Сяргей Ханжанкоў: Дзень 7 лістапада ў лагеры быў святам для адміністрацыі і актыву


07 лістапада 2014
Лагерны здымак Сяргея Ханжанкова

Лагерны здымак Сяргея Ханжанкова

«Октябрь! Навеки свергли власть буржуев и дворян. Так в октябре мечта сбылась рабочих и крестьян», — апяваў знамянальную дату Сяргей Міхалкоў, сын якога цяпер крытыкуе за антыімперскія погляды «жыда» Макарэвіча і валодае раскошным маёнткам са слугамі, паляўнічымі ўгоддзямі, лясамі, стайняй і лазняй на пантонах (прама на возеры), пра што не без зайздрасці распавядаюць узрушаныя госці пана.

 Аматары канікул — расіяне лістападаўскія святы ўжо адгулялі, пачаўшы Днём судовага прыстава РФ, 1 лістапада, а скончыўшы Днём народнага адзінства, 4 лістапада. Апошні запоўніў вакуум ад спачылага 7 лістапада — Дзярждума зацвердзіла адпаведны закон у 2004 годзе. Што ж хаваецца за «народным адзінствам»? Міжрэлігійны савет Расіі, памеркаваўшы, прыляпіў туды падзеі 1612 года.
Беларусы ж па інэрцыі святкуюць поспех бальшавікоў і ў XXI стагоддзі.
 Пра тое, чаму для Беларусі 7 лістапада да гэтага часу свята, і навошта ўлады краіны чапляюцца за Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года, карэспандэнт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з дысідэнтам Сяргеем Ханженковым, які дзесяць гадоў правёў у мардоўскіх лагерах і ніколі не адзначаў гэтае свята.
«Успамінаецца лёс Сяргея Ханженкова, які адседзеў да 1973 году 7 гадоў за спробу — ці нават намер — падарваць глушылку ў Мінску. Але ж, зыходзячы з агульначалавечых клопатаў, нельга зразумець гэтага злачынца інакш як змагара за ўсеагульны мір»,  —  казаў пра гэтага чалавека Аляксандр Салжаніцын у інтэрв’ю Associated Press. Ён памыліўся толькі ў тэрмінах — Ханжанкоў адседзеў роўна дзесяць гадоў.
— Сяргей Мікалаевіч, чаму, на вашу думку, у Беларусі да гэтага часу афіцыйна святкуецца 7 лістапада? Навошта ўлады Беларусі чапляюцца за савецкія традыцыі і Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 году?
— Гаворка ідзе не толькі пра гэта святкаванні. Мы ж засталіся самай савецкай рэспублікай з усяго Савецкага Саюза. Справа ў тым, што ў Беларусі вельмі складаная гісторыя — тут было шмат войнаў, праз яе пастаянна хтосьці кудысьці ішоў, і беларусы прывыклі да таго, што называецца «абыякавасць». Галоўнае, выжыць, галоўнае, перачакаць! Пройдзе — і добра!
Уласна кажучы, беларусы ж не ўдзельнічалі ў контррэвалюцыі сапраўднай. Ну, не лічачы Булак-Балаховіча. А падчас вайны былі партызаны, але і вельмі шмат у паліцыі было людзей. Гэта значыць, няма такога ўстойлівага трэнду да незалежнасці, да пабудовы свайго дэмакратычнага грамадства. Мне так здаецца.
Адсюль і пост-савецкі сіндром, і пры савецкай уладзе было «добра жыць у калгасе». Няма патрэбы самім нешта рабіць. Што зверху ладзяць, то і добра. Адсюль і такая пазіцыя ў дачыненні да Лукашэнкі — «усё добра, абы вайны не было».
— Справа нават не ў навязванні ўладамі гэтага свята, а ў самім беларускім грамадстве?
— Так.
— Чаму айчынныя ідэолагі не турбуюць сябе вынаходствам новай даты па прыкладзе Расіі? Там «чырвоны дзень календара» перайменавалі ў Дзень народнага адзінства, а саму дату адсунулі на 4 лістапада?
— Калі параўноўваць з Расіяй, то там — Пуцін і неаімперыялізм, ідэя «рускага свету», у якую ўсё ўпісваецца. Вы ж бачылі, як яны святкавалі зараз выбары ў самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе Украіны? Ужо і «Наваросію» туды прыплюсавалі, і Крым  —  маўляў, вось, «Расія ўстае з каленяў».
У Беларусі няма патрэбы адмены святкавання 7 лістапада. Яе кіраўніцтва займаецца самазабеспячэннем, як і Януковіч ва Украіне гэта рабіў. Пануе, і добра. Не зусім савецкі — ужо праваслаўны атэіст ён (Лукашэнка — ЕўраБеларусь) у нас, хоць рэлігія яго не цікавіць зусім, ён не таго ўзроўню чалавек. А усе — як ён, бо ў нас аўтарытарызм, усё дыктуецца з самага верху, адзін чалавек усё вырашае.
— А якое ваша меркаванне з нагоды наватвораў на целе Украіны — ЛНР і ДНР, калі ужо зайшла гаворка пра гэта?
— Гэта спроба Расіі адрадзіць Савецкі Саюз. Але ў СССР была камуністычная ідэалогія. Яна была ілжывая, але яна была! Таму Савецкі Саюз рабіў значныя поспехі ў сваім развіцці, як-ніяк на другое месца ў свеце выйшаў, усім пагражаў. А цяпер гэта проста не атрымаецца. Гэта пуцінскае трызненне.
Пуцін наогул абвясціў «Наваросію» — ад Харкава да Адэсы. І што гэта ўсё павінна адысці яму. Не атрымалася. Дык ён хоць за гэты кавалачак зачапіўся, каб ва Украіне была пастаянная напружанасць. Пакуль яго мэта такая, па-мойму. Але рэалізаваць план не атрымалася і не атрымаецца. І вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сусветная супольнасць.
Ён думаў, што яму ўсё сыдзе з рук, а нічога не сыходзіць! Санкцыі і іншыя меры яшчэ адаб’юцца, будзе вельмі дрэнна.
— Вернемся ў Савецкі Саюз. Як праводзілі свята 7 лістапада ў мардоўскіх лагерах? Якія паказальныя канцэрты турэмнай самадзейнасці ладзіла начальства?
— Ведаеце, наш лагер быў спецыяльны, палітычны. Ён выразна дзяліўся на дзве часткі. Людзей, якія сталі на так званы шлях выпраўлення — для іх стваралі ўсякія актывы, рады калектыву, — было меншасць. А большасць імі за гэта пагарджала.
Дык вось сярод гэтых людзей, што былі ў меншасці, праводзіліся канцэрты лагернай самадзейнасці, але асноўная частка проста ігнаравала гэтыя мерапрыемствы. У адкрытую, не хаваючы гэтага — ужо былі хрушчоўскія часы.
Таму і асноўная частка лагера ніяк не святкавала 7 лістапада. Лаяліся ўсе толькі з гэтай нагоды. А адзначала яго ўся лагерная адміністрацыя, лагерны актыў — тыя, хто насіў павязкі.
Мы ж зусім не адзначалі савецкія святы — ні гэтае, ні 1 траўня, ні іншыя. Адзначалі свае святы, нацыянальныя. Там жа былі прадстаўлены ўсе народы Савецкага Саюза. Мардоўскія лагеры — гэта цэлы комплекс, два дзесяткі лагераў, але адно кіраванне.
Дык вось украінцы адзначалі свае святы, літоўцы — свае, беларусы — свае.
Былі святы не толькі нацыянальныя, але і ідэалагічныя. Я, напрыклад, заўсёды адзначаў Дзень незалежнасці ЗША. Клікаў сяброў, заварвалі гарбату, ставілі амерыканскі сцяжок. Вось такое было свята…

ДАВЕДКА:

Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў нарадзіўся ў лагерным пасёлку Усць-Качыны Магаданскай вобласці ў 1942 годзе. Яго дзед і бацька былі рэпрэсаваныя.
Дзед, сельскі настаўнік і эсэр Сяргей Нікіціч Громаў, у 1929-м быў сасланы ў ГУЛАГ на Салаўкі, адкуль вярнуўся, але ў 1937-м яго зноў забралі. Бацька, Мікалай Іванавіч Ханжанкоў, быў арыштаваны на трэцім курсе Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту ў 1935-м, трапіўшы ў «Кіраўскі паток», і адпраўлены на Калыму.
У 1955 году сям’я Ханжанковых пераехала ў Мінск. Пасля школы Сяргей паступіў на гідратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.
Арыштаваны вясной 1963 г. ў Мінску. Асуджаны на 10 гадоў лагераў па артыкулах 69, 65 і 67, ч.1 КК БССР за антысавецкую дзейнасць, стварэнне антысавецкай арганізацыі і дыверсію — падрыхтоўку выбуху глушылкі адной з радыёстанцый. Пакаранне адбываў у Дуброўным — канцлагеры МУС Мардоўскай АССР.
У 1973 годзе ён вярнуўся ў Мінск. Працаваў інжынерам у Белгіпрадар і на заводзе імя Кірава. У 1990-х — супрацоўнік таварыства «Мемарыял».
Крыніца: Новы час
КАМЕНТАРЫ