Мабільная версія сайта

Ці патрэбны Беларусі мемарыял ахвярам сталінскага і камуністычнага рэжыму?


16 лістапада 2014

29 кастрычніка адзначаўся Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій – у гэты дзень у 1937-м за адну ноч было расстраляна больш за сотню беларусіх літаратараў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. 2 лістапада – “Дзяды”, і калона актывістаў зноў пойдзе шляхам на Курапаты.

Дэмакратычная супольнасць Беларусі, сваякі і нашчадкі загінуўшых амаль 20 гадоў намагаюцца дабіцца ўсталявання паўнавартаснага мемарыяла, помніка ахвярам рэпрэсій камуністычнага рэжыму. Але дзяржава нібы не чуе гэтых прапаноў. У гэтыя сумныя дні “Народная Воля” вырашыла пацікавіцца ў самых розных людзей: “Ці патрэбны Беларусі мемарыял ахвярам сталінскага і камуністычнага рэжыму?”

Зміцер Дашкевіч, сустаршыня “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі):

– Для людзей, якія прагнуць перамен у Беларусі, гэтага пытання ўвогуле не існуе, яно бясспрэчнае. Таму што, калі не будзе помніка тым людзям, якія пацярпелі ад камуністычных улад, не будзе нічога. Без такіх помнікаў нічога не пабудуеш. Такія помнікі павінны быць на месцах масавых расстрэлаў людзей, і кожны павінен бачыць гэтыя напаміны пра плады камуністычнай дзейнасці. А то сёння ўсе бачаць толькі дзядулю Леніна і кветкі каля ягонага помніка, а вось помніка сотням тысяч забітых тымі “добрымі дзядулькамі” ніхто не можа пабачыць.

Аляксандр Дабравольскі, сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

– Помнік неабходны, таму што амаль у кожнай сям’і ёсць пацярпелыя ад рэпрэсій камуністычнага рэжыму. Мой дзед быў забіты. Толькі праз шмат гадоў яго рэабілітавалі. Помнікі патрэбны нават дзеля таго, каб былі пазначаны маральныя межы для новых урадаў. Помнік перш за ўсё трэба ўсталяваць у Курапатах у мемарыяльным комплексе. Што да самой сталіцы, то трэба ўпарадкаваць назвы вуліц, а то яны ўсе ці то Савецкая, ці то Леніна, ці Камуністычная, да таго ж і помнікі стаяць партыйным функцыянерам, на сумленні якіх бязвінна забітыя тысячы і тысячы людзей. Ёсць прыклад той жа Літвы – усе камуністычныя помнікі перанеслі ў парк, зрабілі там а-ля савецкі рэстаран. Кожны жадаючы можа наведаць той запаведнік.

Сяргей Калякін, старшыня партыі левых “Справядлівы свет”:

– Не ведаю. Калі хто хоча ўсталяваць такі помнік, то няхай усталёўвае за кошт ахвяраванняў. Але не за кошт дзяржавы. Увогуле, спачатку трэба правесці шырокую дыскусію на гэты конт. Калі будзе прынята агульнае рашэнне, што такі помнік патрэбны, то толькі тады яго і ўсталёўваць. Але я лічу, што сёння ў нашай краіне гэта не самае галоўнае пытанне.

Аляксей Шэін, каардынатар ініцыятывы “Хрысціянскі рух”:

– Адназначна помнік патрэбны. Адзін – абавязкова ў Курапатах, другі  – у цэнтры горада. Лепшае месца – гэта тое, дзе стаяў помнік Сталіну, – на Кастрычніцкай плошчы. Што да помнікаў Леніну, Калініну ды іншым партыйным “таварышам”, то ўзгадваецца адно выказванне: лепшы помнік ахвярам – гэта адсутнасць помнікаў іх катам.

Міхаіл Будай, член прафкама Мінскага аўтамабільнага завода:

– Ну, у нас жа стаяць крыжы ўздоўж дарогі ў Зялёным Лузе… А каб сапраўдны помнік паставіць, дык нават не ведаю… У цэнтры Мінска, напэўна, не паставяць. На Кастрычніцкай плошчы нешта пабудуюць і там жа зімой каток заліваюць. Замест Леніна?.. А што Ленін каму кепскае зрабіў?..

Андрэй Белякоў, сакратар БРСМ Цэнтральнага раёна Мінска:

– На такое пытанне я адказаць не гатовы… На жаль, мне няма чаго дадаць да гэтага.

Уладзімір Іванкоў, фермер з Лынтупаў:

– Для мяне гэта нават не пытанне. У мяне цэлая сям’я знішчана. Два браты майго дзеда забіты. У лагерах на тэрыторыі сучаснай Літвы былі яго сёстры. Потым, пасля вайны, у 1947 годзе,  – таксама рэпрэсіі. Мае сваякі ратаваліся ад камуністаў, дык цяпер па ўсім свеце раскіданы: хто ў Канадзе, хто ў Аўстраліі, хто ў Новай Зеландыі… Помнік патрэбны, і стаяць ён павінен насупраць КДБ. На тым месцы, дзе цяпер Дзяржынскі.

Марыя Пархомчык, пенсіянерка:

– Людзей шмат забілі. Раней маё пакаленне толькі ціха на кухні пра гэта гаварыла. Ніхто ж нічога дакладна не ведаў. Мой дзед у лагерах здароўе згубіў. Бабуля адна дзяцей гадавала, дык гэтыя дзеці яшчэ ж і былі “дзецьмі ворага народа”. Не атрымалі мы, малыя, бацькавай ласкі, толькі думалі, як выжыць. І за што гэта нам усё было? Будавалі светлую будучыню. І вось яна настала – на пенсію не пражыць, лекі не купіць, не тое што на курорт – у вёску каб з’ездзіць, трэба перш грошы назапасіць. Помнік трэба паставіць. Вялікі-вялікі! Каб ніколі такога не паўтаралася.

Крыніца: Любоў Лунева. Народная воля

КАМЕНТАРЫ