Мабільная версія сайта

Сяргей Навумчык: Нам не хапае тых, хто ў Курапатах


31 кастрычніка 2013

Пра тое, як праходзіла першая масавая дэманстрацыя апазіцыі ў савецкай Беларусі, а таксама пра яе наступствы ўзгадвае ў сваім блогу на сайце «Радыё Свабода» непасрэдны ўдзельнік гістарычных падзей 1988 года – журналіст і палітык Сяргей Навумчык. Прыводзім тэкст артыкула цалкам:

«Як так здарылася, што беларусы выйшлі супраць савецкай улады? Спакойны, дысцыплінаваны народ» – запытаецца неўзабаве Гарбачоў у Крамлі ў Васіля Быкава і недаўменна пацісне плячыма.

Здаецца, у Маскве чакалі пратэсту ад літоўцаў, эстонцаў, грузінаў ці ад каго заўгодна – толькі не ад беларусаў.

У той дзень людзі ішлі да Усходніх могілак памянуць памерлых, але генэральны сакратар ЦК КПСС па сутнасці меў рацыю: гэта было выступленне супраць сістэмы, якая дзесяцігоддзямі ўтрымлівала нацыю ў жорсткай дысцыпліне камуністычнай казармы. Прыкметная дэталь: калі на «Дзяды» ў 1988-м людзі ішлі ўскласці кветкі ў тым ліку і Машэраву, дык пасля дубінак, якія абрынуліся на загад машэраўскіх вучняў, імя першага сакратара ЦК камуністычнай партыі, пры якім ў гарадах зніклі апошнія беларускія школы, у наступныя гады больш ніколі на Дзяды ўзгадваць не будуць.

У «Доўгай дарозе дадому» Быкаў так апісвае падзеі 30 кастрычніка:

«Як тысячы іх падышлі ад станцыі метро да могілак, там ужо нарыхтаваліся шэрагі войска і міліцыі – з варанкамі, аўтобусамі і нават вадамётамі. Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балончыкаў. Атруцілі і Пазняка, які ішоў на чале калоны. Але Пазняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калоне перагарадзілі войскі. Тады Пазняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Уверсе лунаў бел-чырвона-белы сцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменнік Уладзімір Арлоў…».

Міліцыянты некалькімі шэрагамі сціснулі людзей у кола, а тыя, каб лепей бачыць прамоўцаў, апусціліся на калені. Пазней некаторыя пабачаць у гэтым сімвал і пачнуць кпіць, маўляў, «Пазняк паставіў нацыю на калені». Сімвал сапраўды існуе, але іншы: тое, што людзі на каленях слухалі словы пра ўтварэнне «Мартыролага», успрымаецца данінай павагі ахвярам камуністычнага тэрору.

І ёсць сімвал у тым, што найноўшая гісторыя Беларусі пачалася з Курапатаў, з аднаўлення памяці пра тых, хто ляжыць у курапацкіх ямах.

Ахвяры Курапатаў (і іншых, ужо адкрытых і пакуль засакрэчаных месцаў у Беларусі), гэтыя сотні тысяч найлепшых прадстаўнікоў нацыі, яе інтэлектуальная эліта – іх, не зробленай імі працы (не зробленай з-за НКВДэшнай кулі ў патыліцу) не хапіла, каб у незалежнасць народ увайшоў канчаткова сфармаванай нацыяй, якая не дазволіць здзеквацца з мовы і гістарычных сімвалаў, якую немагчыма купіць абяцаннямі «запусціць заводы» і міфамі пра «славянскае адзінства». Гэтых сотняў тысяч – а дакладней, іх дзяцей і ўнукаў (тут ужо можна лічыць на мільёны) – не хапіла ў 1994-ым, каб перамогу здабыцця Незалежнасці падмацаваць незваротным дэмакратычным выбарам.

Іх ужо ніхто не заменіць – але не зробленую імі працу давядзецца выканаць. Прыйдзецца ўсвядоміць сябе нацыяй. Бо штучна прыдуманая дзесяць-пятнаццаць гадоў таму тэорыя, што нібыта можна пабудаваць дзяржаўнасць і без нацыянальных каштоўнасцяў, без мовы (дакладней – з мовай іншай дзяржавы) – не вытрымала прагматычнай праверкі банальнымі эканамічнымі рэаліямі. Адсутнасць нацыянальнай свядомасці ўжо цяпер каштуе страты бюджэтаўтворных галін эканомікі, а ў перспектыве пагражае стратай дзяржавы.

…30 кастрычніка 1988 года людзі рушылі да тых, хто застаўся у Курапатах, ішлі, як сказаў паэт, «натоўпам». А выйшлі – «амаль народам». Каб быць народам без «амаль» – давядзецца прайсці шляхам, які для тысяч быў абарваны ў курапацкім лесе.

 

Крыніца: Хартыя 97

КАМЕНТАРЫ