Мобильная версия сайта
ЖЕРТВЫ РЕПРЕССИЙ
ИНТЕЛИГЕНЦИЯ

Сапраўдную Беларусь знішчалі…

Хвалямі…

Празаікі, драматургі, крытыкі, журналісты, перакладчыкі, публіцысты, рэдактары, выдаўцы, філосафы, гісторыкі, мовазнаўцы, географы, грамадcкія і палітычныя дзеячы… Інтэлігенцыя… Мозг нацыі… Духоўная моц Беларусі… Знішчаная, расстраляная, загубленая на катарзе, замардаваная ў ссылцы.

Першая хваля рэпрэсій праглынула больш за 50 лепшых сыноў Беларусі: А. Адамовіч, М. Грамыка, У. Дубоўка, А. Дудар, У. Жылка, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, У. Пічэта, Я. Пушча, браты Гарэцкія…

Гэта быў 1930-ы год. “Нацдэмакратызм”. Абвінавачаным прыпісвалі тое, да чаго яны не мелі аніякага дачынення: выхад БССР са складу СССР, далучэнне БССР да Польшчы, зрыў планаў сацыялістычнага будаўніцтва і г.д.

Рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі не прыпыняліся ні ў 1931-ым, ні ў 1933-ім, ні ў 1936-ым. З 540-570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920-1930-я гады, бальшавікі рэпрэсавалі не менш за 80%, а калі ўлічваць аўтараў, змушаных пакінуць Бацькаўшчыну і, па сутнасці, перапыніць свой удзел у творчым жыцці на Радзіме, рэпрэсіям падвергліся не менш як  90% літаратараў.

Свайго апагею масавыя фізічныя рэпрэсіі дасягнулі ў 1937-1938 гг., калі ў СССР ужо канчаткова склалася таталітарная сістэма кіравання грамадствам, для якой асоба чалавека, нават самага эрудзіраванага, геніяльнага ў сваёй сферы дзейнасці нічога не значыла. У гэтыя катастрафічныя для беларускага народа гады НКУСаўцы расстралялі 17,7 тыс. чалавек, прычым самых годных, якімі народ больш за ўсё ганарыўся.

Сапраўднай Варфаламееўскай ноччу для БССР была ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г., калі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі 107 чалавек, пераважна прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі – краса беларускай нацыі.

У выніку правядзення ў 1930-ых гадах масавых фізычных рэпрэсій маладая беларуская літаратура ледзь не цалкам засталася без кадраў. Праз турмы прайшло некалькі сотняў пісьменнікаў, дзясяткі з іх былі асуджаныя на вышэйшую меру пакарання. З 2000 рэпрэсаваных у СССР літаратараў каля 500 (чвэрць) прыходзіцца на Беларусь, колькасць насельніцтва якой складала ў СССР менш за 5 працэнтаў.

Рэпрэсавалі ўсіх. Рэпрэсавалі маладых – паэт Міхась Кавыль, празаік Васіль Хомчанка, літаратар Аўген Калубовіч мелі па 18 год. Рэпрэсавалі старых – мовазнаўцу Браніслава Эпімах-Шыпілу арыштавалі ў 71-гадовым узросце. Рэпрэсавалі актывістаў і проста настаўнікаў, аграномаў, інжынераў, бо лічылася, што яны здольныя думаць самастойна.

Тых, хто ацалеў было няшмат: народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас, сатырык Кандрат Крапіва і былы старшыня Саюзу беларускіх пісменнікаў камуніст Міхась Клімковіч, які, баючыся арышту, перарэзаў сабе горла лязом. Але ад смерці яго ўратавалі. Магчыма, гэта і дапамагло яму пазбегнуць арышту. Не былі арыштаваныя Змітрок Бядуля і пісменнікі-пачаткоўцы – Пятрусь Броўка і Пятро Глебка.

Знішчалі не толькі людзей, знішчалі плён іх працы – кнігі.

Першага жніўня 1937 г. на вялікім вогнішчы ў «амерыканцы» гарэла некалькі дзясяткаў тысяч рукапісаў. Гарэлі творы А. Вольнага, Ц. Гартнага, А. Дудара, М. Зарэцкага, Т. Кляшторнага, Б. Тарашкевіча, У. Хадыкі, М. Чарота і многіх іншых.

Няма чалавека – няма толькі адной праблемы. Няма рукапісаў – няма паэтаў, няма гісторыі, няма народа!

Старанна праглядаліся і школьныя падручнікі. Большасць падручнікаў вылучылі з ужытку – асабліва хрэстаматыі для чытання, граматыкі, зборнікі дыктовак. Настаўнікі мусілі самі прыдумляць арыфметычныя задачы з жыцця калгасаў. Пры гэтым у задачах павінен быў фігураваць калгасны прадукт толькі высокай якасці, а скаціна – толькі ўкормленая. Неаб’ектыўнымі былі падручнікі па геаграфіі, якія звычайна паказвалі беларуса кволым, непісьменным, а прыроду Беларусі – суцэльным балотам. Усё гэта стварала памылковае ўяўленне пра нацыю і край.

Адначасова з арыштамі праводзілася канфіскацыя твораў абвінавачаных з бібліятэк; іх працы,  што ствараліся цягам гадоў, называлі шкодным нацдэмаўскім хламам.

Сярод гэтага “хламу” былі і працы агульнанацыянальнай каштоўнасці:

1. Зборнік беларускай народнай творчасці.

2. Краёвыя слоўнікі: Чэрвеньшчыны, Мазыршчыны, Віцебшчыны.

3. Чатырохсотгоддзе беларускага друку.

4. Беларускі архіў (перыёдыка).

5. Усе творы паэта Алеся Гаруна (памёр у эміграцыі).

6. Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі.

7. Працы аддзелу гуманітарных навук Беларускай акадэміі навук (філалогіі, гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, мастацтва, права).

8. Сэрыя выданняў беларускай навуковай тэрміналогіі.

9. Матэрыялы да беларускай навуковай тэрміналогіі.

10. Беларускія казкі, прыказкі й замовы, запісаныя й апрацаваныя Аляксандрам Сержпутоўскім.

 

Праведзенае ў 50-я гады і ў далейшым вывучэнне паказала, што ніякіх падставаў для пераследу з палітычных матываў, арыштаў, і тым больш – для прысудаў да вышэйшай меры пакарання не было.

Ахвяраў рэпрэсіяў рэабілітавалі і па дзяржаўнай лініі, і палітычна. Іх апраўдалі, але Беларусь на працягу шасці дзясяцігоддзяў адчувае іх адсутнасць, а можа стацца і так, што галоўныя вынікі гэтага этнагенацыду яшчэ наперадзе.

Спіс супрацоўнікаў Акадэміі Навук Беларусі, якія пацярпелі ў перыяд сталінскіх рэпрэсій можна знайсці ў кнізе “Вернутыя імёны: Супрацоўнікі АН Беларусі, якія пацярпелі ў перыяд сталінскіх рэпрэсій”

Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны)
Уладзіслаў Галубок
Фларыян Ждановіч
Аркадзь Смоліч
Міхась Зарэцкі
Язэп Лёсік
Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны)
Нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. ў мястэчку Капыль, пад Мінскам.

Пiсьменнiк, публiцыст, гiсторык, дзяржаўны i грамадскі дзеяч, старшыня першага савецкага ўрада Беларусі, рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, ініцыятар стварэння літаратурнага аб’яднання і часопіса “Полымя”, узначальваў Дзяржвыдавецтва і Цэнтральны архіў БССР, загадчык выдавецтва АН БССР.

Арыштаваны 15 лістапада 1936 г. і абвінавачаны ў імкненні адарваць БССР ад Савецкага Саюза, а таксама ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. У турме праз катаванні страціў здароўе, быў абвешчаны псіхічна хворым, і пераведзены ў Магілёў у псіхіятрычную лячэбніцу, дзе 11 красавіка 1937 г. памер ад гангрэны легкіх (па некаторых звестках – скончыў жыццё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве.