Мабільная версія сайта
ХРАНАЛОГІЯ
1917 – 1921 ГГ.

18(31) снежня 1917 г. Разгон узброенымі бальшавікамі Усебеларускага з’езду (кангрэсу), які адкрыўся ў мінскім гарадскім тэатры 7 (20) снежня.

6(19) студзеня 1918 г. Распушчаны Ўстаноўчы сход у Петраградзе. Выбары ў яго праводзіліся 12 (25) лістапада 1917 г. і на тэрыторыі Беларусі не занятай немцамі.

3 сакавіка 1918 г. Падпісана мірная дамова Савецкай Расіі з Германіяй у Брэст-Літоўску (Берасці) без удзелу прадстаўнікоў Беларусі.

Жнівень 1918 г. Антыбальшавіцкія выступленні чырвонаармейцаў у Воршы і Сянне. Паўстанні салдат узначалілі левыя эсэры.

1918 г. Уладамі закрыта Мінская духоўная семінарыя ў Жыровічах.

8-10 лютага 1919 г. Чэкісты арыштавалі ў Мінску наркамаў Часовага савецкага ўраду Беларусі Восіпа Дылу, Усевалада Фальскага, Фабіяна Шантыра.

14-17 сакавіка 1919 г. Паўстанне ў Нясвіжы супраць улады бальшавікоў. Яно было задушана атрадам мінскіх чырвонаармейцаў. Кіраўнікі паўстання Палікарп Каляда, Мечыслаў Валністы, Станіслаў Іваноўскі, Нічыпар Янушкевіч і Аляксандр Шыдлоўскі расстраляныя каля Альбы.

14 сакавіка 1919 г. Народны камісарыят асветы Літоўска-Беларускай ССР адхіліў акадэміка Яўхіма Карскага ад пасады прафесара і выключыў яго са складу выкладчыкаў Мінскага педагагічнага інстытуту. Ён вымушаны быў пераехаць у Петраград.

5 верасня 1918 г. Савет Народных Камісараў РСФСР прыняў пастанову «Аб чырвоным тэроры». Гэтая пастанова дзейнічала і на тзрыторыі Беларусі, занятай Чырвонай Арміяй.

11 лістапада 1918 г. Пачалося антыбальшавіцкае паўстанне сялянаў у Веліжскім павеце Віцебскай губэрні. Яно ахапіла і некаторыя вёскі суседніх паветаў. Агульная колькасць паўстанцаў даходзіла да 50 тысячаў. Яно было жорстка задушана 15-й чырвонай арміяй. На Пакроўскім полі на ўскрайку Вяліжа паводле прысудаў Віцебскай губ. ЧК расстраляныя бо­лей за 1 000 паўстанцаў

17 снежня 1918 г. Ф. Дзяржынскі падпісаў цыркулярны ліст УсеЧК (загад № 208), дзе тлумачылася новае значэнне паняцця закладнікі. Пасля гэтага чэкісты на падставе гэтага дакументу бралі закладнікаў (на 23 ліпеня 1919 г. у мінскіх турмах знаходзіліся больш за 100 закладнікаў).

24-29 сакавіка 1919 г. Адбылося антыбальшавіцкае Стракапытаўскае вайсковае паўстанне ў Гомелі, якое ўзначалілі эсэры. Было задушана часткамі Чырвонай Арміі.

1-4 красавіка 1919 г. ІІаўстанне жыхароў мястэчка Мір супраць улады бальшавікоў. Падаўлена 3-м Менскім палком губ. ЧК. У баях загінулі 25 паўстанцаў і 30 чэкістаў.

4 красавіка 1919 г. Пры наркамаце харчавання Літоўска-Беларускай CСР створаны аддзел харчова-рэквізыцыйнай арміі, які кіраваў дзейнасцю харчовых атрадаў. Харчовыя атрады дапускалі злоўжыванні — адбіралі ў сялянаў насенны фонд і прадукты, неабходныя для жыцця. Гэта прывяло да антысавецкіх выступленняў у Слуцкім, Нясвіжскім, Мазырскім і іншых паветах.

Красавік 1919 г. СНК Літоўска-Беларускай ССР адмовіўся ад перадачы сялянам канфіскаваных у памешчыкаў зямель і на гэтых землях ствараў саўгасы, камуны і сельгасартэлі.

11 красавіка 1919 г. ІІрынята пастанова Прэзідыюму УЦВК «Аб лагерах прымусовых работ». Паводле яе лягеры ствараліся ва ўсіх губернскіх гарадах са жніўня 1920 г. Такі лагер быў створаны 1 жніўня 1920 г. у Мінску. У ім бы­ло больш за 300 чалавек (шляхцічы, чыноўнікі, святары, землеўладальнікі).

9  траўня 1920 г. У Мінску чэкісты расстралялі паэта Фабіяна Шантыра, актыўнага ўдзельніка Усебеларускага з’езду, наркама нацыянальных справаў ССР Беларусі. Ён стаў першай ахвярай барацьбы бальшавікоў супраць беларускай «нацдэмаўшчыны».

Лістапад 1920 г. Разгром бальшавікамі Койданаўскай «Самастойнай Рэспублікі», якая праіснавала 4 дні ў мястэчку Койданава (сучасны Дзяржынск).

30 снежня 1920 г. 1-я Слуцкая брыгада войскаў БНР перайшла раку Лань і была раззброеная польскім войскам. Удзельнікі Слуцкага збройнага чыну, што засталіся ў Савецкай Беларусі, былі знішчаныя органамі НКУС у 1930-я гг.

1920-1930 гг. Прапагандысцкая дзейнасць і ўзброеная барацьба сяброў арганізацыі «Зялёны Дуб» за незалежнасць Беларусі. Гэта быў супраціў бальшавікам у Савецкай Беларусі і польскім уладам у Заходняй Беларусі. У 1921 г. на тэрыторыі БССР дзейнічалі 43 паўстанцкія атрады агульнай колькасцю каля 5 000 чалавек.

29 студзеня 1921 г. Пастановай СНК БССР зацверджана Палажэнне «Аб рэвалюцыйным трыбунале».

У ноч з 16 на 17 лютага 1921 г. ЧК Беларускай ССР правяла акцыю па ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У лютым былі арыштаваныя 860 сяброў партыі, у тым ліку поўны склад і Мінскага камітэту БПС-Р.

Люты — сакавік 1921 г. Масавыя рэпрэсіі бальшавіцкага ўраду БССР супраць антысавецкіх беларусаў, найперш сяброў БПС-Р, якая налічвала каля 20 тысячаў чалавек. Пад кіраўніцтвам гэтай партыі дзейнічала паўстанцкая арганізацыя «Сувязь беларускага працоўнага сялянства».

23 красавіка 1921 г. Прыняты дэкрэт СНК ССРБ «Аб парадку правядзення канфіскацыі і рэквізіцыі».

Чэрвень 1921 г. У Мінску ўведзена ваеннае становішча. Яно таксама ўводзілася ў асобных валасцях і паветах, дзе лясныя фармаванні змагаліся з бальшавіцкімі ўладамі. 3 кожнага павету высяляліся сем’і, якія мелі дачыненне да супраціву бальшавіцкай уладзе.

Лета 1921 г. Утвораны рэўваенсавет Мінскага раёну для каардынаваньня барацьбы з «бандытызмам», г. зн. з паўстанцамі «Зялёнага Дубу».

Верасень 1921 г. Чэкісты разграмілі Мінскую арганізацыю «Зялёны Дуб», якая рыхтавала ў сталіцы паўстанне супраць бальшавікоў.

19 кастрычніка 1921 г. Расстраляныя сувязныя арганізацыі «Зялёны  Дуб» Ганна Доўгерт, Ганна Бруевіч, Георгій Крывашэін і Уладзімер Кубар, Уладзімеру Тэраўскаму і Усеваладу Фальскаму расстрэл замянілі на 5 гадоў турмы.

Лістапад 1921 г. Высяленне беларускіх сялянаў з Ігуменскага павету на расейскую Поўнач за іхны ўдзел у арганізацыі «Зялёны Дуб»

 

КАМЕНТАРЫ

Каментары (0)