Мабільная версія сайта
ХРАНАЛОГІЯ
1920-Я ГГ.

Зіма 1922 г. У БССР па прысудах савецкіх карных ворганаў расстраляныя 1 691 святар, 1 962 манахі, 3 447 манахіняў і паслушніц.

1 сакавіка 1922 г. Утварэнне Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР (ДПУ БССР) замест  Надзвычайнай камісіі БССР (ЧК БССР).

1 сакавіка 1922 г. Прэзідыюм ЦВК БССР прыняў рашэнне «Аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў» дзеля дапамогі галодным Паволжа.

22 сакавіка 1922 г. ЦК РКП(б) пастанавіў стварыць ва ўстановах, на прадпрыемствах, у ВНУ бюро садзейнічання органам ДПУ. У яго ўваходзілі па тры бальшавікі, абавязкам якіх з’яўлялася таемнае вывучэнне палітычных настрояў у калектывах і аказанне дапамогі супрацоўнікам ДПУ.

Травень 1922 г. Судовая расправа ў Беластоку над 45 беларускімі партызанамі злучэння Германа Шыманюка.

1 чэрвеня 1922 г. Прыняты Крымінальны кодэкс Расійскай Федэрацыі. З 1 ліпеня 1922 г. гэтым кодэксам (і яго рэдакцыяй 1926 г.) карысталіся ў Беларусі да 15 лістапада 1928 г., калі быў уведзены ў дзеянне Крымінальны кодэкс БССР.

6 чэрвеня 1922 г. Афіцыйнае ўвядзенне ў РСФСР і БССР цэнзуры, якая называлася Галоўліт.

У жніўні 1922 г. УЦВК РСФСР прыняў рашэнне «Аб адміністрацыйнай высылцы асобаў, прызнаных сацыяльна небяспечнымі».

17 жніўня 1922 г. Прынятая пастанова ЦК КП(б)Б «Аб высылцы меншавікоў з Беларусі».

10 верасня 1922 г. Прэзідыюм Цэнтральнага бюро КП(б)Б прыняў пастанову «Пра высяленне прафесроў і грамадскіх работнікаў за межы Беларусі».

Лістапад 1922 г. Супрацоўнікі ДПУ БССР арыштавалі аўтара «Практычнай граматыкі беларускай мовы» Язэпа Лёсіка, былога старшыню Рады БНР.

15 лютага 1923 г. Пастановай ЦВК СССР утвораная судовая калегія АДПУ, якая мела права разглядаць у пазасудовым парадку крымінальныя справы аб дывэрсіях, шкодніцтве і іншых злачынствах, а таксама права прымянення ўсіх мераў пакарання.

Травень 1924 г. Вярхоўны суд БССР прысудзіў за эканамічны шпіянаж  інспектарку АРА (Амерыканскай дабрачыннай арганізацыі) Мінскай акругі Кацярыну Румянцаву да 5 гадоў турмы і паражэння ў правах на 5 гадоў,  а прафэсара заалогіі, вучонага-агранома Кацавурава да 5 гадоў турмы і паражэння ў правах на 3 гады.

16 жніўня 1924 г. Органы АДПУ арыштавалі ў Мінску Барыса Савінкава.

17 жніўня 1925 г. У Мінску Вярхоўны суд БССР прысудзіў да трох гадоў зняволення мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мельхісэдэка ( Міхала Львовіча Паеўскага).

28 студзеня 1926 г. На пасяджэнні ІІалітбюро ЦК КП(б)Б абмеркавана пытанне аб антысавецкай падпольнай групе Юрася Лістапада ў Слуцку. Было прынятае рашэнне аб мерах пакарання. Па гэтай справе было асуджана 6 чалавек на зняволенне ад 3 да 5 гадоў.

23 лютага – 22 траўня 1928 г. У Вільні праводзіўся судовы «працэс 56-і». Кіраўнікоў 100-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады  прысудзілі да розных тэрмінаў зняволення.

4 студзеня 1929 г. Прынятая пастанова ЦК УКП(б) «Аб паскарэнні тэмпау правядзення калектывізацыі». Быў зацверджаны графік паскоранай калектывізацыі.

4 лютага 1929 г. У Маскве зацверджаны інструкцыі ЦВК і СНК саюзных рэспублік, краёў і абласцей «Аб ускладанні на органы АДПУ арганізацыі раскулачвання».

1929 г.- 1 траўня 1933 г. У выніку прымусовай калектывізацыі сялянаў было раскулачана больш за 22 тысячы гаспадарак i саслана больш за 35 тысяч сем’яў. Па іншых падліках, у 1931-1934 гг. з БССР было вывезена ў далёкія раёны СССР каля 250 тысячаў чалавек (пераважна сялянаў, залiчaных да кулакоў).

Студзень 1930 г. Вышла пастанова ЦВК і СНК СССР «Аб мерах барацьбы з драпежніцкім забоем жывёлы». За забой жывёлы накладваўся штраф, у 10-кратным памеры кошту забітай жывёлы, а ў кулакоў праводзілася канфіскацыя жывёлы з адначасовым прыцягненнем да крымінальнай адказнасці, пакаранне прадугледжвалася пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў з высяленнем ці без яго.

26 студзеня 1930 г. На падставе той пастановы Прэзідыюм ЦВК БССР увёў пакаранне сялянаў за забой сваёй жывёлы — пазбаўленне волі да трох гадоў з канфіскацыяй маёмасці і зямлі.

27 студзеня 1930 г. Зацверджаная дырэктыва Наркамату асветы БССР «Аб чыстцы навучальных установаў ад кулацкага і нэпманскага эле­менту». На падставе гэтых дакументаў была праведзеная сацыяльная чыстка навучэнцаў.

28 лютага 1930 г. У СССР (і ў Савецкай Беларусі) пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ рэспублік і абласцей сфармаваныя «тройкі», якім было дадзена права без суда выносіць рашэнні аб накіраванні абвінавачаных імі асобаў у канцлагеры або аб іх расстрэле.

У 1930 г. адбылося паўстанне сялянаў-аднаасобнікаў у Бешанковіцкім і Лепельскім раёнах супраць калектывізацыі.

18 ліпеня 1930 г. Арыштаваны Вацлаў Ластоўскі, пісьменік, акадэмік, былы прэм’ер міністр БНР. Расстраляны ў 1938 г. У Саратаве.

19 ліпеня 1930 г. У БССР па сфабрыкаванай органамі НКУС справе «Саюзу вызвалення Беларусі» арыштаваныя 108 вядомых вучоных, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў і дзеячаў беларускай культуры.

30 жніўня 1930 г. Польская паліцыя правяла масавыя арышты беларускіх актывістаў арганізацыі «Змаганне за інтарэсы сялянаў і рабочых»

8  кастрычніка 1930 г. Старшыня Саўнаркому СССР А.Рыкаў падпісаў сакрэтную дырэктыву СНК СССР «Аб зняцьці лішніх званоў».

1930 г. У Савецкім Саюзе распушчаныя нацыянальныя зямляцтвы, сярод іх — беларускія ў Маскве і Ленінградзе.

У Савецкай Беларусі былі забароненыя беларускія гімны «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Ад веку мы спалі».

Судовая расправа над удзельнікамі арганізацыі альтруістых (бескарыслівых), створанай у 1928 г. у Бабчыне, на Гомельшчыне. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнутыя 37 чалавек.

У Міску забаронена званіць у званы ва ўсіх цэрквах і касцёлах.

 

КАМЕНТАРЫ

Каментары (0)