Мабільная версія сайта
ХРАНАЛОГІЯ
1960 – 1980Я ГГ.

30 студзеня 1963 г. У Пінску арыштаваны Мікалай Лагодзіч за дзейнасць па абароне правоў чалавека ў СССР. Асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі. Адбываў пакаранне у Мардоўскім спецлагеры.

1963-1964 гг. На падставе пастановы ЦК КПСС «Аб выцясненні рэлігійных забабонаў з побыту народу» нацыянальныя каляндарныя і сямейныя абрады замяняліся новымі, савецкімі, якія адмыслова ствараліся штучна і укараняліся ў жыццё народу. Працягвалася масавае закрыццё касцёлаў і цэркваў, якое доўжылася ажно да 1988 г. Пры гэтым знішчаліся прадметы рэлігійнага культу, касцёльныя і царкоўныя дакументы, нават кнігі запісаў грамадзянскага стану.

19 чэрвеня 1964 г. Невядомыя забілі ў Пастаўскім раёне мастака Вітольда Дзіско, які адкрыта выказваўся супраць камуністычнага ладу. Да забойства мастак зведаў ізаляцыю і псіхіятрычную лякарню.

Верасень 1966 г. У Крымінальны кодэкс уведзены артыкул «Аб паклёпе на савецкі лад», паводле якога ўстанаўлівалася пакаранне ад 1 да 3 гадоў пазбаўлення волі.

11 кастрычніка 1967 г. У Слуцку, калі судзілі мясцовага чыноўніка-забойцу, узнік стыхійны масавы мітынг. Бунтаўшчыкі спалілі будынак Слуцкага народнага суда, забілі двух міліцыянтаў. Згарэла старшая суддзя Галіна Аляксеева. За бунт і падпал Міколу Грынюка і Івана Папова расстралялі, а астатніх, больш за 70 чалавек, асудзілі на розныя тэрміны зняволення.

Студзень 1969 г. Прыняцце пастановы ЦК КПСС «Аб павышэнні адказнасці кіраўнікоў органаў друку, радыё, тэлебачання, кінематаграфіі, устаноў культуры і мастацтва за ідэйна-палітычны ўзровень публікуемых матэрыялаў і рэпертуару».

Кастрычнік 1969 г. Група студэнтаў беларускага аддзялення філфаку БДУ падрыхтавала і падпісала зварот да кіраўнікоў ЦК КПБ аб дазволе на іх аддзяленні выкладаць прадметы на роднай мове. Пасля таго, як камсамольскі камітэт унівэрсітэту не прагаласаваў за выключэнне з камсамолу ініцыятараў звароту Алеся Разанава, Віктара Ярацады і іншых, іх выжылі з універсітэту на экзаменацыйнай сесіі.

Пачатак 1970-х гг. Апошняя хваля добраахвотна-прымусовага высялення сялянаў з хутароў у вёскі, якая праводзілася ў Заходняй Беларусі і за якую адказвалі сельскія Саветы.

23 лютага 1970 г. Прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР «Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія «ухіляюцца ад грамадска- карыснай працы і якія вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця». Такія асобы караліся ў адміністратыўным парадку. Пад гэтую пастанову траплялі нават святары і асобы, якія не змаглі ўладкавацца на працу больш за 1 месяц пасля звальнення.

14 красавік 1970 г. Асуджаны на 3 гады зняволення за антысавецкую дзейнасць Міхась Кукабака. Затым на 3 гады ён быў змешчаны ў спецпсіхушку. У 1978 г.яго зняволілі другі раз за нарыс «Скрадзеная Бацькаўшчына», зачытаны на радыёстанцыі «Нямецкая хваля». Вызвалены ў 1988 г. Усяго разам у турме і ў лякарні для псіхічна хворых ён правёў 17 гадоў.

15 жніўня 1972 г. Забіты «пры нявысветленых абставінах» лідэр нацыянальна-адраджэнскага руху мастак Лявон Баразна, які перад смерцю рыхтаваў акцыю пратэсту супраць разбурэння гістарычнага цэнтру Мінска — забудовы каля Нямігі.

Сакавік 1974 г. Зволены маладыя навукоўцы АН БССР Валянцін Рабкевіч, Міхась Чарняўскі, Сцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Алесь Каўрус, Віктар Лапуць і Зянон Пазняк за крытыку партыйнай палітыкі па русіфікацыі насельніцтва Беларусі.

1975 г. Выключаны з сяброў КПСС і адпраўлены ў адстаўку з Савецкай Арміі капітан 120-й дывізіі Сяргей Панізнік. Яго абвінавацілі ў прапагандзе нацыяналізму.

3 лістапада 1975 г. У інтэрнаце Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытуту імя А. С. Пушкіна адбыўся выступ студэнтаў супраць газеты «Правда», палітыкі ЦК КПСС і ўсёй палітыкі Савецкай улады.

4 красавіка 1979 г. Прынятая пастанова ЦК КПСС «Аб паляпшэнні ідэалягічнай палітыка-выхаваўчай працы». Пасля гэтага партыйныя ўлады пачалі яшчэ больш актыўна выцясняць з побыту беларусаў рэлігійныя абрады і нацыянальныя традыцыі.

1983 г. Прафесар Іван Мірончык, загадчык кафедры Мінскага медыцынскага інстытуту, выключаны з сяброў КПСС, зняты з пасады загадчыка ка­федры і адпраўлены ў псіхіятрычную бальніцу за тое, што ён на працягу 1979-1982 гг. пісаў «Сустрэчныя заклікі да ЦК КПСС» і рассылаў іх у самыя высокія партыйныя органы.

28 чэрвеня 1983г. Прынятая пастанова ЦК КПСС, СМ СССР і ЎЦСПС «Аб узмацненні работы на ўмацаванне сацыялістычнай дысцыпліны працы». Пасля гэтага ў буйных гарадах міліцыя лавіла людзей у крамах, цырульнях і паліклініках і правярала дакументы — выяўляла прычыну, чаму яны ўдзень не працуюць.

Ліпень 1985 г. Паэт, бард Сяржук Сокалаў-Воюш (сапраўднае Сокалаў) пазбаўлены пасады навуковага супрацоўніка ў філіяле Літаратурнага музея Якуба Коласа за тое, што на тэрыторыі музэю моладзь адсвяткавала Купалле.

30 кастрычніка 1988 г. Унутраныя войскі і міліцыя жорстка разагналі ў Мінску каля Усходніх могілак масавую дэманстрацыю памяці ахвяраў сталінізму ў дзень, калі адзначаліся Дзяды. Супраць дэманстрантаў былі выкарыстаныя слёзацечныя газы і дубінкі. Заяўляльніку акцыі, старшыні маладзёжнага згуртавання «Тутэйшыя» Алесю Бяляцкаму, прысуджаны штраф.

18 студзеня 1989 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб увекавечанні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937-1941 гг. у лясным масіве Курапаты». Помнік не пабудаваны да гэтага часу.

24-25 чэрвеня 1989 г. Прыхільнікі беларускага нацыянальнага адраджэння вымушаныя былі ехаць у Вільню і там правесці Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне».

КАМЕНТАРЫ

Каментары (0)