Мабільная версія сайта
РЭПРЭСІЎНАЯ СІСТЭМА
ВЫСЫЛКІ І ДЭПАРТАЦЫІ

У 1920-я  гады  найбольш  распаўсюджанай  формай  дзяржаўнага  прымусу  па  палітычных  матывах  былі высыланне  і  ссылка,  якія ўжываліся  ў  адміністрацыйным  парадку.  В.І.  Ленін  выступіў  ініцыятарам  высылання  за  мяжу  па-антысавецку  настроенай  інтэлігенцыі. 19 траўня 1922 г. Ленін  пісаў  наркаму  ўнутраных  спраў  РСФСР: “т.  Дзяржынскі!  Да  пытання  пра  высыланне  за  мяжу  пісьменнікаў  і  прафесараў,  якія дапамагаюць  контррэвалюцыі.  Трэба  гэта  падрыхтаваць старанней.  Без  падрыхтоўкі  мы  зробім глупства….  Трэба  паставіць справу  так,  каб  гэтых “ваенных  шпіёнаў”  вылавіць  і  вылаўліваць пастаянна і сістэматычна і высылаць за мяжу”.

Першапачаткова,  па  дэкрэце  ВЦВК “Аб адміністрацыйным  высыланні”  ад 10 жніўня 1922 г.,  выкананне  гэтага  віду  палітычных рэпрэсій  ускладалася  на  адмысловую  Камісію  па  высыланні  пры  НКУС.  Дадатковай  пастановай  гэтай Камісіі надавалася “права  высылаць  і  змяшчаць  у  лагер  прымусовай  працы  на  месцы  высылання”  асоб,  прызнаных  сацыяльна  небяспечнымі,  у тым ліку  дзеячаў  антысавецкіх  палітычных  партый.  Пасля  ўтварэння  АДПУ  функцыі  названай Камісіі перайшлі да органаў дзяржбяспекі.

У  1924 г.  згодна з “Палажэннем  аб  правах  АДПУ  ў  частцы  адміністрацыйных  высылак,  ссылак  і  зняволення  ў  канцэнтрацыйным  лагеры” АДПУ  мела  права  без  суда  па  ўласным  меркаванні  высылаць  на  тэрмін  да  трох  гадоў  асоб,  прызнаных  сацыяльна-небяспечнымі,  з  мясцовасцяў,  дзе  яны  пражываюць,  з  забаронай  далейшага  пражывання  ў  гэтых,  а таксама  ў  шэрагу  іншых  абласцей,  ці  высылаць  на  жыхарства  ў вызначаныя  раёны  пад  пільным наглядам  мясцовага  органа ДПУ, а таксама ў пэўных выпадках прадугледжвалася высылка па-за межы СССР. Вынясенне  пастаноў  аб  высяленні,  ссылцы і  зняволенні ў  канцэнтрацыйны  лагер  ускладалася на  Асобая  нараду  ў  складзе  трох  членаў  Калегіі  АДПУ. Асобая нарада ўжывала  вышэйназваныя  пазасудовыя  рэпрэсіі ў адносінах да асоб, падазроных у замаху на савецкі лад кіравання, нават “пры  адсутнасці  дастатковых падстаў  для  разгляду  спраў  у  судовым  парадку”.

Пасля ўтварэння НКУС ў 1934 г. функцыі Асобай нарады АДПУ перадаваліся падобнай інстытуцыі ў структуры НКУС. Асобай нарадзе пры НКУС гэтаксама прадстаўлена было права «прымяняць у адміністрацыйным парадку высылку, ссылку, заключэнне ў папраўча-працоўныя лагеры на тэрмін да пяці год і высылку за межы Саюза ССР. Права накіроўваць на выгнанне ў высылкі і ссылкі надавалася таксама іншым пазасудовым органам – “двойкам” і “тройкам” НКВД, якія арганізоўваліся ў час разгортвання масавых аперацый.

У ходзе прымусовай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, асноўны ўдар якой прыйшоўся на 1929-1932 гг., рэалізоўвалася палітыка «ліквідацыя кулацтва як класа» («раскулачванне») – асноўнай мерай уздзеяння на якой было пазбаўленне сялян усіх сродкаў вытворчасці і гвалтоўнае высяленне іх у аддаленыя раёны краіны.

На красавіцкім (1930) пленуме ЦК КП(б)Б адзначалася, што за межы БССР выселена каля 40 тыс. чалавек. З лютага 1931 гады па краіне пакацілася новая значная хваля раскулачвання. У выніку гэтай акцыі з тэрыторыі БССР было выслана ў раёны Ўрала, Сібіры і Казахстана звыш 100 тысяч сялян.

У маі 1931 г. раёны атрымалі цыркуляр, у якім паведамлялася, што з тэрыторыі БССР, як памежнай, павінны быць высланы і аднесеныя да трэцяй катэгорыі “кулакоў”, якія дагэтуль маглі заставацца ў межах рэспублікі.

Высланыя да месца прызначэння дастаўляліся ў непрыстасаваных таварных вагонах, высокім быў працэнт смяротнасці ад голаду, холаду і хвароб як падчас транспартыроўкі, так і ў месцы высылкі. Меркавалася, што выселеным на новых землях будуць прадстаўлены ўмовы для гаспадарчай дзейнасці, “працоўнага перавыхавання”. Аднак мясцовыя ўлады папросту не былі падрыхтаваныя для прыёму вялікай колькасці дэпартаваных. Таму здараліся выпадкі, калі перасяленцаў дастаўлялі ў месцы аніяк не прыстасаваныя для жылля – у голым полі, казахстанскім стэпу ці заснежанай сібірскай тайзе.

Падлягалі  высылцы ў працпасяленні таксама члены се’мяў асуджаных за контррэвалюцыйную і антыдзяржаўную дзейнасці, “здольныя да актыўных антысавецкіх дзеянняў”, сем’і расстраляных падлягалі высяленню з памежнай зоны, і шэрагу буйных гарадоў.

Наступная хваля масавых высяленняў пачалася з далучэннем да БССР у верасні 1939 Заходняй Беларусі. У 1940-41 гг. было праведзена тры спецыяльных аперацыі, апошняя з якіх адбылася за два дні да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, па дэпартацыі у Ci6ip, Казахстан ды іншыя аддаленыя раёны асаднікаў і работнікаў лясной аховы з сем’ямі, а таксама сямей рэпрэсаваных памешчыкаў, польскіх паліцэйскіх і афіцэраў ды іншых падазроных у антысавецкай дзейнасці ці настроях. У выніку прымусовага перасялення ў гэты перыяд з заходніх абласцей БССР было выслана каля 100 тыс. чалавек.

Апроч таго прымусовай дэпартацый падлягалі бежанцы,  якія ў 1939 г. апынуліся на заходнябеларускай зямлі. Большасць з іх складала яўрэйскае насяленне, якое шукала тут паратунак ад гітлераўскай навалы.  29 чэрвеня 1940 г. спецорганамі БССР была праведзена адмысловая аперацыя па высяленню бежанцаў з тэрыторыі рэспублікі, падчас якой 22 879 чалавек  былі дэпартаваныя ў аддаленыя рэгіёны СССР.

Перасяленцы перажывалі вялікія цяжкасці пры транспартыроўцы, уладкаванні на новым месцы  жыхарства. У адрозненні ад першых хваляў высылак кулакоў, дэпартацыі наступнага перыяду адбываліся больш арганізавана, прынамсі, забяспечваліся пэўныя элементарныя ўмовы жыцця на месцы высылкі. Праўда, як сцвярджаюць данясенні правяраючых камісій, шмат у якіх месцах варункі існавання ссыльных па-ранейшаму заставаліся нездавальняючымі. Перасяленцаў працаўладкоўвалі на прадпрыемствы лясной прамысловасці, каляровай металургіі, на сельскагаспадарчыя работы ў саўгасы – пераважна гэта была працаёмкая, ручная чорная работа, пры адсутнасці належнай арганізацыі  і забеспячэння задавальняючых умоў працы.

У час вайны дэпартацыі падлягалі за супрацоўніцтва з ворагам (ці нават падазрэнне ў гэтым) цэлыя народы. Па дадзеным на канец 1945 г. у месцах спецпасяленняў налічвалася 967 085 сем’яў ці 2 342 тыс. чалавек, большасць з якіх складалі прадстаўнікі “пакараных народаў”. Усяго ў гады вайны падвергліся перасяленню народы і групы насельніцтва 61 нацыянальнасцяў. Магчыма, што ўмовы ваеннай (экстрэмальнай) сітуацыі выклікалі неабходнасць пэўных папераджальных дзеянняў савецкага ўрада ў тыле і на подступах да лініі фронта. Але гэтым аніяк нельга апраўдаць рэпрэсіўныя гвалтоўныя меры, якія былі ўжытыя да шматлікіх народаў СССР.

Пасля вайны высяленні ў якасці карнай меры працягвалі актыўна ўжывацца. У БССР дэпартацыі гэтага перыяду былі звязаны з прывядзеннем калектывізацыі заходніх абласцей, якія не былі завершаныя ў перадваенныя гады. У 1952 г. была выслана з рэспублікі 1194 сямей кулакоў, што складала 4233 чалавек. Згодна з пастановай прынятай Саветам Міністраў, згодна якой праводзілася аперацыя па высылцы кулакоў, на гэтую катэгорыю рэпрэсаваных накладалася мера пакарання “высяленне навечна”.

У бестэрміновую ссылку пасля 1948 г. накіроўваліся таксама так званыя “небяспечныя дзяржаўныя злачынцы”, якія  пасля  адбыцца свае тэрміны пакарання ў лагерах і турмах паўторна навечна высылаліся ў спецпасялення.

У ходзе лібералізацыі рэжыму і шэрагу мер па рэабілітацыі, якія пачаліся пасля смерці Сталіна, прадстаўнікі дэпартаваных народаў і шматлікія ссыльныя змаглі павярнуцца на радзіму, але далёка не ўсе здолелі вытрымаць цяжкія умовы ссылкі.

Аднак у СССР і надалей высылка і ссылкі выкарыстоўваліся у якасці меры палітычных рэпрэсій у адносінах іншадумцаў і палітычна нядобранадзейных элементаў. Высылцы з рэспублікі, ссылкай у аддаленыя рэгіёны СССР падвяргаліся дысідэнты. Шмат хто з былых рэпрэсаваных не дазвалялася сяліцца ў сталіцы ці нават вяртацца ў рэспубліку. У дачыненні найбольш актыўных і вядомых дысідэнтаў выкарыстоўвалася адмысловая працэдура пазбаўлення грамадзянства і выдварэння па-за межы СССР.

Ікона, якая была з сям’ёй у высылцы
Фатаздымак сям’і Ісаковіч да высылкі
Фатаздымак у высылцы
Даведка аб прызнанні пацярпелай ад рэпрэсіяў і рэабілітацыі
Загад пра крымінальную адказнасць за пабегі з высылкі
КАМЕНТАРЫ