Мабільная версія сайта

Міф пра ворагаў існаваў на працягу ўсяго перыяду існавання СССР.

Ён быў найважнейшым складнікам прапаганды. Гэты міф актыўна распрацоўваўся ў партыйных дакументах, мастацкай літаратуры, выяўленчым мастацтве і кіно. Пачатак міфа пра ворагаў быў закладзены ў часы грамадзянскай вайны 1917-1922 гг. Пасля Вялікай Айчыннай вайны асноўная вось супрацьстаяння праходзіла па лініі СССР (цэнтр камуністычнага свету, цывілізацыі і г. д.) – ЗША (канцэнтрацыя ўсяго варожага і дрэннага – эксплуатацыі, багацця, расавай няроўнасці і інш.).

Савецкі міф пра ворага дзейнічае і сёння. Ён трывала замацаваўся ў ідэалогіі сучаснай беларускай дзяржавы. Беларусам уласціва дваістае, двухпалярнае светаадчуванне: мы (міралюбівыя, талерантныя, гатовыя дапамагчы) – яны (эгаістычныя, сквапныя, агрэсіўныя). Наяўнасць гэтага міфа – верны паказчык грамадства, якое знаходзіцца ў стане абыякавасці і гістарычнай недасведчанасці.
Міф пра ворага ствараўся наступным чынам. Любы вораг ставіў пад пагрозу існаванне краіны, таму, калі аб ім ішла размова, маглі быць толькі два варыянты – жыццё альбо смерць. Ніякіх кампрамісаў і альтэрнатыў. Вораг не мог выглядаць узвышаным альбо велічна-жахлівым, толькі дробным, брыдкім альбо камічным. Чалавечая нізасць ворага павінна была ўзвышаць партыйных правадыроў і “простых людзей” з народу. Перамога над ворагам падавалася не як вынік дзеянняў аднаго чалавека, а як дасягненне усёй сацыялістычнай дзяржавы. Прычым у чалавека павінна было ўзнікнуць адчуванне задаволенасці і ўласнай выгады ад гэтай перамогі. Выкрыццё ворага адбывалася ў простай народнай манеры.
КАМЕНТАРЫ

Каментары (0)