Мабільная версія сайта
РЭПРЭСІЎНАЯ СІСТЭМА
КАРНАЯ ПСІХІЯТРЫЯ

Важнае месца ў сістэме барацьбы з апазіцыяй у СССР адводзілася судовай псіхіятрыі. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму нестандартнасць поглядаў, ацэнак, крытыка ўлады ацэньвалася як псіхічная анамалія. Выконваючы “сацыяльную замову”, асобныя прадстаўнікі савецкай псіхіятрыі сфармавалі “навуковы кірунак” у аснове якога любое іншадумства разглядалася як “млявапраяўная шызафрэнія”. Усталяваны “дыягназ” у мэтах дыскрэдытацыі дысідэнтаў шырока агалошваўся публічна, пры гэтым груба парушаўся прынцып нераскрыцця ўрачэбнай таямніцы і медыцынскай этыкі. Злоўжыванне псіхіятрыяй і выкарыстанне яе ў якасці сродку барацьбы з іншадумствам набыло ў СССР пагрозлівы характар не выпадкова. Гэта антыгуманная практыка была абумоўлена характэрнай для таталітарнага грамадства тэндэнцыяй да грэбавання правоў асобы і беспярэчны выкананнем установак улады.

Палітычныя злоўжыванні псіхіятрыяй пачасціліся ў 1930-х гадах. У палітычных мэтах выкарыстоўвалася першая турэмная (спецыяльная) лячэбніца ў СССР – Казанская турэмная псіхіятрычная бальніца НКУС СССР.

Але асаблівае месца ў рэпрэсіўнай сістэме карная псіхіятрыя атрымала ў 1960-80-я гг. Пасля асуджэння “культу асобы” і спынення масавых рэпрэсій, барацьбы з іншадумствам у СССР не адмянялася, а набывала характар індывідуальнага пераследу з боку КДБ асобных прадстаўнікоў дысідэнцкага руху.

Палітычныя пераўтварэнні паўплывалі на лібералізацыю карнага заканадаўства ў дачыненні да палітычных злачынстваў. Было прызнана неправамоцным выкарыстанне да асуджаных такой меры, як абвінавачванне ворагам народа з пазбаўленнем грамадзянства СССР і выбарчых правоў, а таксама згубіўшымі сваю актуальнасць і небяспеку былі прызнаны так званыя контррэвалюцыйныя дзеянні. Нягледзячы на гэта, у новым Крымінальным кодэксе СССР (як адпаведна і ў аналагічным статуце БССР, прынятым у 1960 г.) існаваў шэрай артыкулаў, якія прадугледжвалі строгае пакарання за палітычныя злачынствы, такіх як: «Антысавецкая агітацыя і прапаганда», «Арганізацыйная дзейнасць і ўдзел у антысавецкіх арганізацыях» і г.д. Калі такое злачынства здзяйснялася ў стане “душэўнага расстройства”, пакараннем за зробленае было прымусовае лячэнне з ізаляцыяй у псіхіятрычных лякарнях адмысловага тыпу, гэта значыць у турэмных псіхіятрычных бальніцах МУС СССР. Такім чынам, на этапе “развітага сацыялізму” псіхіятрыі, у сутнасці, ізноў надаваліся карныя функцыі ў адносінах да палітычных праціўнікаў і крытыкаў савецкага рэжыму.

Савецкая псіхіятрыя выкарыстоўвала ў дачыненні да палітычных дысідэнтаў галоўным чынам два дыягназы: паранайяльнае развіццё асобы і малапрагрэдыентная (млявапраяўная) шызафрэнія. Хоць гэтыя псіхічныя захворванні адносяцца да клінічнай рэальнасць, але адносяцца, галоўным чынам, да памежнай псіхіятрыі, да мяккіх і нават латэнтных формаў псіхічных расстройстваў, межы якіх часам незаўважна зліваюцца з нормай. Таму гэтыя формы не кваліфікуюцца ў міжнароднай класіфікацыі хвароб як шызафрэнія. У выніку, дыягностыка шызафрэніі ў Савецкім Саюзе ў тры разы пераўзыходзіла аналагічны дыягназ у іншых краінах. Пашырэнне дыягнастычных межаў гэтых захворванняў стварала шырокія магчымасці для вольных і мімавольных злоўжыванняў псіхіятрыяй.

У цэлым у савецкай псіхіятрыі пераважала тэндэнцыя будаўніцтва ўсё большай колькасці псіхіятрычных бальніц. Наданне рэпрэсіўнага характару гэтай галіне медыцыны  толькі ўзмацняла гэтую тэндэнцыю. Спецыяльныя (турэмныя) псіхіятрычныя лякарні былі створаны ў 1930-х гадах па ініцыятыве А. Вышынскага. З пачатку 1960-х гг. ствараецца шырокая сетка псіхлячэбніц турэмнага тыпу, якая пастаянна расце. У 1966 г. спецыяльная псіхіятрычная бальніца была пабудавана і ў Мінску.

У мэтах барацьбы з дысідэнцкім рухам 29 красавіка 1969 гады Ю.В. Андропаў накіраваў у ЦК партыі праект плану пашырэння сеткі псіхіятрычных бальніц і прапановы па ўдасканаленні выкарыстання псіхлячэбніц для абароны інтарэсаў савецкай дзяржавы і грамадскага ладу. Акрамя таго, прымаліся і адпаведныя закрытыя пастановы ЦК партыі і Савета Міністраў.

Вядомы беларускі дысідэнт Міхась Кукабака падвергся прымусовай шпіталізацыі пасля таго, як у 1969 годзе напісаў адкрыты ліст ангельскаму пісьменніку Айвару Мантэгю, якое хацеў апублікаваць у газеце «Камсамольская праўда». У выніку гэтай шпіталізацыі правёў шэсць гадоў у псіхлячэбніцах турэмнага тыпу. Кукабаку тройчы падвяргалі судова-псіхіятрычнай экспертызе ў Інстытуце ім. Сербскага, на яго было заведзена некалькі крымінальных спраў. У віну яму ставілі адмову ад удзелу ў выбарах, суботніках і мерапрыемствах КПСС, распаўсюд тэксту Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека ў інтэрнаце г. Бабруйска. У прыватнасці, у пуцёўцы на шпіталізацыю, выдадзенай псіханеўралагічным дыспансерам у 1976 году, значылася: «па звестках дзяржбяспекі распаўсюджваў антысавецкую літаратуру, пакутуе маніяй перабудовы грамадства, сацыяльна небяспечны». У турмах і спецыяльных псіхіятрычных бальніцах знаходзіўся ў агульнай колькасці 17 гадоў.

Ахвярамі карнай псіхіятрыі ў Беларусі ад канца 1960-х гадоў сталі таксама такія праваабаронцы, як публіцыст і гісторык Анатоль Сідарэвіч, літаратуразнаўца і касмолаг Вячаслаў Зайцаў, паэт і медык Алесь Наўроцкі, загадчык кафедры Мінскага медінстытута У. Мірончык, які ў сваіх “Сустрэчных закліках да ЦК КПСС” выступаў за дэмакратызацыю савецкага грамадства.

КАМЕНТАРЫ