Палітычныя чысткі савецкага студэнцтва, найбольш радыкальныя сродкі ў арсенале мерапрыемстваў па пралетарызацыі савецкай вышэйшай школы на працягу 1920-х гг., такіх як стварэнне рабфакаў, квоты для абітурыентаў, выплата стыпендый і забеспячэнне інтэрнатам паводле класавай прыкметы, ужо апісаны шэрагам расійскіх і беларускіх даследчыкаў. Навукоўцы вызначаюць хвалі чыстак 1922/23, 1924/25, 1925/26 навучальных гадоў, кожная з якіх мела свае асаблівасці і была вызначана рознымі абставінамі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця СССР.
Палітычная чыстка, што адбылася ў савецкіх ВНУ ў 1929/30 навучальным годзе, таксама мела свае асаблівасці, якія абумовіў год, абвешчаны Сталіным «годам вялікага пералому». Да канца 1920-х гг. сталінскае кіраўніцтва адмовілася ад новай эканамічнай палітыкі і перайшло да фарсіраванай пабудовы сацыялізму, што патрабавала вырашэння новых палітыка-ідэалагічных задач, у тым ліку падрыхтоўкі ў сціслыя тэрміны новых пралетарскіх кадраў.
Да 1929 г. ВНУ былі ўключаны ў сістэму жорсткага цэнтралізаванага кіравання і планавання, падобную да той, што існавала ў народнай гаспадарцы. Да «года вялікага пералому» зніклі рэшткі акадэмічных свабод, большасць якіх была абмежавана ў першыя гады савецкай улады: выбары рэктараў, дэканаў, іншых кіраўнікоў. Кіраўніцтва дзейнасцю вышэйшай школы ажыццяўлялася разгалінаванай сістэмай партыйных органаў, што існавала ў сістэме адукацыі, або праз дзяржаўныя структуры і грамадскія арганізацыі. Народны камісарыят асветы БССР прапанаваў кіраўніцтву БДУ да канца 1929/30 навучальнага года перайсці на новыя вучэбныя планы, скарочаныя ў параўнанні з папярэднімі ў два разы. Адпаведна з чатырох да двух гадоў планавалася скараціць тэрмін навучання студэнтаў ва ўніверсітэце, што фактычна пераўтварала яго ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову. Пазітыўныя захады, якія прадугледжвалі матэрыяльна-тэхнічнае ўмацаванне вышэйшай школы, перш за ўсё тэхнічных і часткова прыродазнаўчых спецыяльнасцей, суправаджаліся хвалямі ідэалагічных кампаній, якія пасля «шахцінскай справы» 1928 г. набылі злавесны характар.