Мабільная версія сайта

Бясспрэчна, савецкі час адбіўся на беларускай літаратуры – сотні беларускіх літаратараў былі знішчаны. Аднак, нягледзячы на жорсткую цэнзуру, беларуская літаратура развівалася. Да таго ж, новых творцаў выхавалі савецкія лагеры і турмы. Можа і не настолькі таленавітых, але іх творы нясуць усю трагічнасць і боль, што суправаджалі панаванне камуністаў на нашай зямлі.

Гэтыя творы з’яўляюцца сведчаннем пра беспраўе: пра тое, як па зацверджаных партыйнымі органамі лімітам мільёны людзей прыгаворваліся пазасудовымі органамі да растрэлу, на дзясяткі гадоў траплялі ў турмы і лагеры. У аддаленыя раёны СССР высылаліся не толькі асобныя сем’і, але дэпартаваліся і цэлыя народы – карэйцы, немцы, чачэнцы, крымскія татары, інгушы, калмыкі….

Але гістарычная і гуманітарная каштоўнасць упамінаў пра рэпрэсіі не толькі ў тым, што яны распавядаюць пра злачынствы савецкіх уладаў. Гэтыя ўспаміны – сведчанне надзвычайнай сілы духу іх аўтараў. Мемуары напісаныя тымі, каму пашанцавала выжыць і вярнуцца з турмаў, лагераў, высылак. Як правіла, яны пісаліся ўпотай нават ад сваякоў, без спадзявання на публікацыю. Бо праз такія нататкі можна было запраста атрымаць новае пакаранне ў турме ці ГУЛАГу.

У 1921 годзе была ў Маскве была надрукавана невялічкая брашура У. Рэрбуха, які распавёў пра масавае збіццё зняволеных у Бутырскай турме. Гэта было першае друкаванае сведчанне пра камуністычныя злачынствы, але больш такіх публікацый не было ў СССР ажно да сярэдзіны 1960-х. Безумоўна, на захадзе часам друкаваліся успаміны людзей, якія здолелі пакінуць краіну. Але ў самім СССР з-за жорсткай цэнзуры быў немагчымым нават намёк на няслушныя дзеянні ўладаў.

Першым творам сусветнай літаратуры, у якім апісваецца савецкая рэпрэсіўная сістэма і побыт вязняў у сталінскіх лагерах, стала аповесць беларускага драматурга Францішка Аляхновіча. 1 студзеня 1927 году Ф. Аляхновіч быў арыштаваны ў Менску, а пазней асуджаны на 10 гадоў катаргі на Салавецкіх выспах. У 1933 годзе Аляхновіч быў абмяняны на арыштаванага ў Польшы беларускага палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча (расстраляны НКУС у 1938 годзе). Ужо ў 1934 быў надрукаваны твор “У капцюрох ГПУ”, які пазней быў перакладзены на семь моваў.

У 1962 годзе была апублікаваная аповесць А.І. Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” і тэма сталінскіх рэпрэсій загучала ў СССР на вельмі кароткі прамежак часу, але толькі ў мастацкіх творах. Напрыканцы 1960-х гадоў на Захадзе пачалі публікаваць мемуары грамадзян СССР, што прайшлі сталінскі ГУЛАГ, дысідэнтаў і праваабаронцаў, што пабывалі ў лагерах і высылках. Гэтыя творы часам траплялі за мяжу без згоды аўтараў. У 1973 годзе ў Парыжы быў апублікаваны першы том “Архіпелага ГУЛАГ”. Дзякуючы А.І. Салжаніцыну тэрмін “ГУЛАГ” стаў вядомым ва ўсім свеце.

Толькі ў 1989 годзе тэма рэпрэсій выйшла з-пад забароны ў СССР і пачалася публікацыя ўспамінаў. Менавіта дзякуючы гэтым публікацыям многія людзі здолелі асэнсаваць злачынны характар савецкай сістэмы. Адным з такіх знакавых твораў была і аповесць Ларысы Геніюш “Споведзь”, напісаная “ў стол” у 1970-х, у якой беларуская паэтка распавядае пра сваё знаходжанне ў савецкіх турмах і лагерах.