Мабільная версія сайта
РЭАБІЛІТАЦЫЯ
РЭАБІЛІТАЦЫЯ Ў 90-Х

Упершыню пытанне аб адказнасці за рэпрэсіі не толькі Сталіна, але і яго атачэння, аб неабходнасці адпаведнай ацэнкі рэжыма аўтарытарнай улады, пры якой сталі магчымымі такія злачынствы было пастаўлена ў дакладзе М.С.Гарбачова 2 лістапада 1987 г.

28 верасня 1987 г. была сворана спецыяльная Камісія Палітбюро ЦК КПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 30-40-х і пачатку 50-х гадоў. У ліпені 1988 г., на падставе прапаноў Камісіі была прынята пастанова Палітбюро ЦК КПСС “Аб дадатковых мерах па завяршэнню рэабілітацыі неабгрунтавана рэпрэсаваных асоб”, згодна з якой праца па пераглядзе спраў павінна была весціся незалежна ад наяўнасці заяў і скаргаў грамадзян. Рэабілітацыя станавілася масавай.

Зноў да перагляду быў прыняты шэраг вядомых гучных спраў (сярод іх “ленінградская справа”, “антысавецкая трацкістская ваенная арганізацыя” і інш.). Аднак па-ранейшаму перагляд справы веўся, зыходзячы з дапушчэння, што чалавек вінаваты.

Камісіяй Палітбюро былі агучаны лічбы: у 1930-40 і пачатку 50-х гадоў рэпрэсіям было падвергнута 3 778 234 чалавек, з іх 786 098 растраляна. Дэпарціравана 2 300 000 чалавек.

За 1988 год па СССР было перагледжана 16 090 спраў ў адносінах да 29 108 чалавек, з якіх было рэабілітавана 13 173 (з іх па БССР было перагледжана 315 спраў у адносінах да 876 чалавек, з іх было рэабілітавана 545).

Значным крокам стала прыняцце Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР Загада ад 16 студзеня 1989 г., згодна з якім адмяняліся неабгрунтаваныя пазасудовыя рашэнні, а рэпрэсаваныя па рашэннях “троек”, асобай нарады прызнаваліся рэабілітаванымі аўтаматычна, г.зн. без апратэставання гэтых рашэнняў. Менавіта гэты загад дазволіў істотна паскорыць працэс рэабілітацыі. Толькі ў 1989 г. на яго падставе было рэабілітавана 802 049 грамадзян.

На пасяджэнні Камісіі 17 кастрычніка 1989 г. адзначалася, што з пачатку працэса рэабілітацыі (з 1954 г.), да гэтага часу разгледжана было 760 тыс. спраў па якіх праходзіла 1,2 млн. чалавек, з іх было рэабілітавана 868 300 чалавек, адмоўлена ў рэабілітацыі было 212 тысячам. На кастрычнік 1989 г. заставалася яшчэ больш за 800 тысяч спраў па якіх праходзіла каля 1 млн. рэпрэсаваных, а за першыя паўгады было разгледжана спраў на 10 тысяч чалавек.

На працягу 1989 г. у БССР было перагледжана 35 486 спраў, па якіх былі прыняты рашэнні аб поўнай рэабілітацыі ў адносінах да 53 684 чалавек. З гэтага ліку 34 734 спраў склалі справы з рашэннямі пазасудовых органаў (“тройкамі” НКУС, Асобымі нарадамі пры НКУС СССР і г.д.), па іх праходзіла 52 634 чалавек, якія падлягалі рэабілітацыі аўтаматычна. Прыладна чацьвёртая частка з іх была расстраляна . Адмоўлена ў рэабілітацыі было 2353 асобам, асуджаным за здраду радзіме, пасобніцтва нямецкім акупантам, за удзел у бандфарміраваннях і г.д.

28 чэрвеня 1989 г. была прынята Пастанова Палітбюро ЦК КПСС “Аб увекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій перыяду 30-40-х і пачатку 50-х гадоў”. Афіцыйнымі могілкамі месца пахавання рэпрэсаваных у Беларусі быў прызнаны лясны масіў каля г.Мінска Курапаты. Таксама было вырашана друкаваць спісы рэабілітаваных грамадзян у мясцовых газетах, гісторыка-дакументальных хроніках (на Беларусі гэта кнігі “Памяць”).

14 лістапада 1989 г. была прынята “Дэкларацыя Вярхоўнага Савета СССР “Аб прызнанні незаконнымі і злачыннымі рэпрэсіўных актаў супраць народаў, якія падвергліся прымусоваму перасяленню, і забеспячэнні іх правоў. 26 красавіка 1991 г. быў прыняты Закон РСФСР “Аб рэабілітацыі рэпрэсаваных народаў”.

У 1988-1989 гг. і першай палове 1990 г. было рэабілітавана каля 1 млн. грамадзян. Такім чынам, агульны лік тых, каму было вернута добрае імя склаў каля 2 млн. чалавек. За гэты ж час партыйныя органы разгледзелі 11 839 персанальных спраў камуністаў, рэабілітаваных у судовых адносінах, 11 389 з іх былі адноўлены ў шэрагах КПСС . У 1990-м годзе планавалася закончыць рэабілітацыю ў цэлым па краіне на падстве ўказа ад 16 студзеня 1989 г. (Аб адмене пазасудовых рашэнняў), тым больш, што ўжо фактычна праз год большасць рэспублік, сярод іх і БССР, скончылі гэтую справу.

Пастановай Вярхоўнага Савета БССР ад 21 чэрвеня 1990 г. была створана Камісія Вярхоўнага Савета па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і іх сямей, увекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў перыяд 30-40-х і пачатку 50-х гадоў. Такія ж камісіі былі створаны пры абласных, гарадскіх, раённых, пасялковых і сельскіх Саветах народных дэпутатаў.
21 снежня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў “Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20-50-х гадах”. Палажэнне прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсійных, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29 снежня 1990 г. прыняў пастанову “Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20-50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным”. Упершыню ў гісторыі Беларусі ахвяры палітычных рэпрэсій увайшлі ў катэгорыю грамадзян, якія карыстаюцца льготамі.

У 1955 – 1987 гг. органамі КДБ БССР было перагледжана 28 833 крымінальных спраў на 54 198 чалавек. Але за 1980 па 1988 г. было рэабілітавана толькі 443 чалавекі, рэабілітацыя ў гэты час вялася толькі па зваротах і скаргах грамадзян . За перыяд 1988-1990 гадоў было перагледжана 40 429 спраў, па якіх рэабілітавана 61 541 чалавек.

У архівах КДБ БССР знаходзілася 174 010 крымінальных спраў на 281 896 чалавек. З іх на пачатак 1991 г. было перагледжана 69 262 справы на 115 739 чалавек, з іх было рэабілітавана 100 522 чалавекі . Частка спраў, разгледжаных да 1988 г., патрабавала паўторнага перагляду з улікам новых патрабаванняў. Колькасць спраў у адносінах высланых на спецпасяленне па нацыянальных, рэлігійных і палітычных матывах, раскулачаных, асаднікаў і іншых катэгорый грамадзян не была ўстаноўлена. Так, толькі выселеных за межы рэспублікі ў 1940 і 1951-1952 гг. у адміністрацыйным парадку было 87 729 .

Толькі ў 1990-м годзе Камісія ЦК КПСС шчыльна занялася пытаннямі рэабілітацыі рэпрэсаваных у ходзе раскулачвання і іншых незаконных палітычных акцый.

Урэшце Загадам Прэзідыума СССР ад 13 жніўня 1990 г. “Аб аднаўленні праў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20-50-х гадоў” рэпрэсіі, якія праводзіліся ў адносінах да сялян у перыяд калектывізацыі, а таксама ў адносінах да ўсіх іншых грамадзян па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах у 20-50-х гадах, былі абвешчаны “незаконнымі, якія супярэчаць асноўным грамадзянскім і сацыяльна-эканамічным правам чалавека”. Прыняцце гэтай пастановы запатрабавала амаль паўстагоддзя.

З адменай кіруючай ролі КПСС і распадам СССР пытанні рэабілітацыі перайшлі пад увагу органаў дзяржаўнай улады, Камісія Палітбюро ЦК КПСС па дадатковаму вывучэнню матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў перыяд 30-40 і пачатку 50-х спыніла сваю працу. Распрацаваны саюзны праект пасля яго разгляду і ўхвалення ў першым чытанні ў ліпені 1991 г. Вярхоўным Саветам СССР так і не быў рэалізаваны. Кожная рэспубліка былога СССР распрацоўвала ўласную заканадаўчую базу для правядзення і завяршэння рэабілітацыі.

18 кастрычніка 1991 г. быў прыняты закон РСФСР “Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій”, які распаўсюджваўся на ўсіх савецкіх грамадзян – грамадзян РСФСР і іншых рэспублік, замежных гарамадзян, а таксама асоб без грамадзянства, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям на тэрыторыіі РСФСР з 25 лістапада 1917 г. У той жа дзень было прынята рашэне аб устанаўленні дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, ім стала 30 кастрычніка.

Дзейнасць Камісіі Вярхоўнага Савета па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў ахвяр палітычных рэпрэсій была пашырана на перыяд 1920-80-х гадаў, адпаведнае палажэнне было прынята ВС РБ 1 лістапада 1991 г. Рэалізацыя палітыкі патрабавала распрацоўкі прававых механізмаў: актаў аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, пераліку злачынстваў, на якія дадзеныя загады не распаўсюджваюцца і інш.

Пастановай Вярхоўнага Савета РБ ад 23 снежня 1991 г. былі прызнананы пацярпелымі ад палітычных рэпрэсій дзеці, якія разам з бацькамі знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, а таксама дзеці, якія там нарадзіліся. Ім усім належала карыстацца тымі ж льготамі, што і іх бацькам.

У 1990-1992 гг. на Беларусі было рэабілітавана больш за 37 тыс. незаконна рэпрэсаваных па палітычных матывах грамадзян.. Загадам прэзідэнта РБ ад 28 студзеня 1997 г. тэрмін работы па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій быў працягнуты да 1998 г. уключна. Усяго з 1954 па 2000 год у Рэспубліцы Беларусь было рэабілітавана больш за 200 тыс. ахвяр.